Апазыцыя рабіла памылкі. Але гэта мала што мяняла, мяркуе швэдзкі палітоляг-беларусіст Нярыюс Пракявічус.

Перш чым абмяркоўваць вынікі беларускіх падзеяў, трэба ўдакладніць паняткі. І падчас выбарчай кампаніі, і пасьля абвяшчэньня вынікаў у паветры лунала слова «рэвалюцыя». Я асабіста вызначыў бы дзьве рысы, што адрозьніваюць рэвалюцыю ад іншых тыпаў зьмены ўлады: кардынальную зьмену палітычнай структуры і шырокую народную падтрымку пераменаў. Зыходная колькасьць апазыцыі не настолькі істотная – лістападаўскія падзеі 1917 г. у Расеі распачала адносна нешматлікая партыя, але ў выніку адбыліся ўсёахопныя грамадзкія пераўтварэньні… З гэтага гледзішча ўсе антыкамуністычныя трансфармацыі пры канцы 80-х ва Ўсходняй Эўропе падпадаюць пад азначэньне рэвалюцыі. За выняткам Румыніі, яны былі пераважна мірныя, бо ўлады залежалі ад падтрымкі Савецкага Саюзу, які і стварыў гэтыя рэжымы. Ня дзіва, што ў Румыніі, якая за часам Нікалаэ Чаўшэску неаднойчы дэманстравала сваю незалежнасьць ад савецкага хаўрусьніка, падзеі пайшлі па самым крывавым сцэнары.

Схемы рэвалюцый

Галоўных актораў у антыкамуністычных рэвалюцыях шэсьць: уладная групоўка (палітычныя кансэрватары), ніжэйшае рангам чынавенства (пераважна памяркоўнае), войска і сілы бясьпекі, дысыдэнты (найчасьцей інтэлектуальныя і рэлігійныя), шырокая грамадзкасьць (найперш працоўныя) і вонкавыя гульцы (Савецкі Саюз і заходнія дзяржавы).

Схематычна антыкамуністычныя рэвалюцыі адбываюцца паводле наступнага сцэнару: рэпрэсіі супраць дысыдэнтаў выклікаюць незадаволенасьць шырокай грамадзкасьці, палітычныя пратэсты перарастаюць у масавыя дэманстрацыі і страйкі, сілы бясьпекі ня ў стане стрымаць пратэстаў (замала патронаў ці бессаромнасьці), на зьмену здыскрэдытаванай уладнай групоўцы прыходзіць ніжэйшае рангам чынавенства, яно пачынае перамовы зь лідэрамі дысыдэнтаў. Канчатковы зыход залежыць ад маштабаў народнай незадаволенасьці і моцы дысыдэнцкага руху. Там, дзе ён быў слабейшы, новая чыноўніцкая эліта даўжэй пратрымалася ўва ўладзе. Вядома, гэта проста схема, якая ня цалкам падыходзіць пад кожны асобны выпадак.

Аднак яна дазваляе зьвярнуць увагу на некаторыя істотныя пытаньні. Посьпех і пераважна негвалтоўны характар антыкамуністычных рэвалюцыяў палягаў у адчужанасьці ўлады ад пераважнай большасьці насельніцтва, наяўнасьці шчырых дысыдэнцкіх груповак і разгалінаванасьці (вэртыкальнай і гарызантальнай) камуністычнай уладнай сыстэмы. Трэба ўлічваць і ролю вонкавых гульцоў: Савецкі Саюз, апошні хаўрусьнік камуністычных рэжымаў, ад іх адмовіўся, а патрэба ў эканамічнай дапамозе з Захаду адыграла істотную ролю ў тым, каб не дапусьціць рэпрэсіяў і захаваць вынікі рэвалюцыяў у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Недарэвалюцыі

СМІ назвалі нядаўнія выступленьні ў посткамуністычных Грузіі (2003 г.), Украіне (2004 г.) і Кыргыстане (2005 г.) «каляровымі рэвалюцыямі». На маю думку, яны наўрад ці покуль што падпадаюць пад азначэньне рэвалюцыі, бо не прынесьлі трывалых структурных зьменаў. Коўдру дысыдэнцкага руху там перацягнулі на сябе былыя ўрадоўцы, далёка не абавязкова адданыя ідэалам дэмакратыі. Да таго ж, усе «каляровыя рэвалюцыі» адбыліся пры паўаўтарытарных рэжымах з простай структурай, арганізаванай вакол палітычнага лідэра, але пры некаторай наяўнасьці плюралізму па-за сыстэмай улады. Нарэшце, «каляровыя рэвалюцыі» плянаваліся, а ня ўспыхвалі раптоўна. І для ўлады, і для дысыдэнтаў антыкамуністычныя рэвалюцыі пачаліся зьнянацку, а перавароты ў камуністычных краінах былі рэакцыяй на загадзя вызначаныя падзеі – парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія выбары.

Што адбылося ў Беларусі?

З увагі на вышэйсказанае Беларусь патэнцыйна больш падпадае пад катэгорыю «каляровай», а не антыкамуністычнай рэвалюцыі.

Апазыцыя не карыстаецца ўсеагульнай падтрымкай насельніцтва. Яна здолела вывесьці на вуліцы, паводле ейных жа падлікаў, да 30 тысячаў сваіх прыхільнікаў. Гэта значна менш, чым у камуністычных краінах у 80-я. Трэба зважаць і на тое, што апазыцыя засяродзіла ўсю ўвагу на сталіцы і пераважна ня думала пра акцыі пратэсту ў рэгіянальных цэнтрах (у некаторых зь іх удзельнічала да сотні маніфэстантаў). Можна казаць пра пагрозу з боку сілаў бясьпекі, але пры канцы 80-х у колішніх камуністычных краінах яна была ня меншай. Стыль кіраваньня А.Лукашэнкі, які вымагае ад намэнклятуры асабістай адданасьці, не дазваляе ўзьнікнуць у яе шэрагах апазыцыйным асяродкам – яны маглі б зрабіць пераходны працэс больш гладкім. А ў такой сытуацыі дысыдэнтам няма з кім дамаўляцца. Вонкавы ўплыў зыходзіць, галоўным чынам, ад Расеі, якая падтрымлівае Лукашэнку. Заходнія краіны абмежавалі кантакты з уладай, таму ў іх мала мэханізмаў узьдзеяньня і мала інфармацыі.

Улада амаль не дапушчае праяваў плюралізму ў грамадзтве. Альтэрнатыўныя каналы інфармацыі абмежаваныя, таму апазыцыі складаней мабілізоўваць і накіроўваць сваіх прыхільнікаў. Беларуская апазыцыя актывізуе сваю дзейнасьць толькі падчас выбараў, бо яны даюць адзіную магчымасьць доступу да дзяржаўных СМІ. Сілы апазыцыі сканцэнтраваныя ў сталіцы – там адбываецца большасьць значных падзеяў. Нарэшце, адзінства намэнклятуры выступае перашкодай да цалкам негвалтоўнай зьмены ўлады. Усё гэта ўскладняе задачу тым, хто дамагаецца пераменаў.

Апазыцыя заблыталася ў мэтах

Аднак і беларуская апазыцыя таксама зрабіла шэраг арганізацыйных памылак, асабліва ў тыдзень пасьля выбараў. Хоць зыход выбараў быў прадказальны, па абвяшчэньні афіцыйных вынікаў лідэры апазыцыі заблыталіся ў сваіх мэтах. А.Казулін і А.Мілінкевіч называлі прынамсі чатыры розныя мэты адначасова: пералік бюлетэняў, другі тур, новыя выбары і стварэньне альтэрнатыўнага ўраду. Дзіўна арганізоўваліся і масавыя акцыі: тая, што адбылася 19 сакавіка (верагодна, найбольш шматлікая), скончылася прапановай правесьці гэткую ж дэманстрацыю 20 сакавіка, потым «дзень Х» быў адкладзены да 25 сакавіка. Двойчы адкладаючы «дзень Х», лідэры апазыцыі выявілі няўпэўненасьць наконт мэты акцыяў пратэсту. Ня дзіва, што апошняя дэманстрацыя – 25 сакавіка – сабрала менш удзельнікаў, чым папярэднія, хоць улада і пазьбягала адкрыта ўжываць гвалт (маленькі «намётавы гарадок» зьліквідавалі ўначы).

Улада ведала, што ёй пагражае...

Апроч таго, улада добра падрыхтавалася як з гледзішча кантролю над каналамі інфармацыі, гэтак і разгортваньня сілаў бясьпекі. Некаторыя назіральнікі адзначалі, што апазыцыя падчас выбарчай кампаніі выявіла значны творчы патэнцыял. Я ўдакладніў бы – у параўнаньні з ранейшай дзейнасьцю апазыцыі, але не ў абсалютным вымярэньні. А значыць, улада добра ведала, чаго чакаць. Дзяржаўныя СМІ прывязалі апазыцыю да кантэксту «каляровых рэвалюцыяў», асабліва да расколаў паміж іх лідэрамі і неэфэктыўнай палітыкі, і досыць пасьпяхова высьмеялі яе сымбалі – сіні колер і джынс.

У СМІ прайшла кампанія па абвінавачаньні апазыцыі ў падрыхтоўцы да тэрактаў, лідэры апазыцыі мусілі апраўдвацца, так што здавалася – яны ўвогуле нічога не зьбіраюцца рабіць. Улада, ведаючы, што папярэднія «каляровыя рэвалюцыі» адбываліся ў сталіцах, перадысьлякавала ў Менск сілы бясьпекі. Улада была падрыхтаваная не дапусьціць масавага збору людзей на Кастрычніцкай плошчы, якую абрала апазыцыя, і адрэзала «намётавы гарадок» ад падтрымкі звонку.

... І не праяўляла слабасьці

Улада прывяла ў гатоўнасьць шматлікія сілы бясьпекі, але паўстрымалася іх задзейнічаць, верагодна, таму, што чакала «каляровай рэвалюцыі». Адзін зь яе галоўных элемэнтаў – блякада ці захоп урадавых будынкаў, бо гэта выяўляе бездапаможнасьць улады, паказвае сілам бясьпекі, што ўлада больш не кантралюе сытуацыю, а ўладзе – што яна ня можа разьлічваць на сілы бясьпекі. Апроч таго, пасіўныя прыхільнікі апазыцыі тады больш не баяцца далучыцца да актыўнага пратэсту. Беларуская ўлада не праяўляла слабасьці. Таму спробу А.Казуліна трапіць на Ўсебеларускі народны сход і ачоленае ім шэсьце да спэцпрымальніка на Акрэсьціна спынілі гэткімі гвалтоўнымі захадамі.

Ліквідацыя «намётавага гарадка» найхутчэй абумоўленая тым, што ўлада ня здолела б не дапусьціць яго ўмацаваньня, калі б дэманстрантам дазволілі зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы.

А ці быў шанец?

Становішча апазыцыі ў параўнаньні з уладай неяк нагадвала гульца, які трымае карты адкрытымі. Вядома, калі карты сапраўды добрыя, ён усё роўна выйграе. Але мне здаецца, што апазыцыя мела на руках у лепшым выпадку сярэдненькія карты. Калі б за беларускай апазыцыяй стаяла выразная большасьць насельніцтва, усе гэтыя памылкі ня мелі б надта вялікага значэньня.

Поўны тэкст аналізу Нярыюса Пракявічуса і іншыя аналітычныя матэрыялы на тэму сакавіцкіх выбараў і пратэстаў 19–25 сакавіка чытайце ў красавіцкім нумары часопісу «ARCHE», што мае зьявіцца ў продажы ад 12 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0