Затрыманых 16 сакавіка ў Мінску каля Камароўскага рынку ўдзельнікаў пікета Аб'яднанай грамадзянскай партыі чакае суд. Ім інкрымінуюць артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Нагадаем, удзельнікі пікета, які быў узгоднены з уладамі як перадвыбарны, трымалі партрэты 10 беларускіх палітзняволеных, а таксама бясследна зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. 

Усяго было затрымана каля 10 чалавек, у тым ліку старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік беларускага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі, першы намеснік старшыні аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Аляксандр Арастовіч, відэааператар Алесь Сіліч. Іх даставілі ва УУС Савецкага раёна. 

Некаторых з затрыманых, у тым ліку Вольгу Маёраву, Ганну Канапацкую, Наталлю Валакіда, праз тры гадзіны адпусцілі, склаўшы адміністрацыйныя пратаколы. Суд над імі адбудзецца 17 сакавіка. 

Таксама з міліцыі быў адпушчаны журналіст Алесь Сіліч. 

Астатніх, у тым ліку Лябедзьку, Раманоўскага, Арастовіча, перавялі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе яны будуць знаходзіцца да суда. Суды над імі, паводле папярэдніх даных, пачнуцца раніцай у панядзелак. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?