Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч пракамэнтаваў інтэрвію намесьніка старшыні Дэпартамэнта па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны Ігара Чарняўскага «Нашай Ніве».

— Спачатку ізноў пройдземся па сьпісе будынкаў, што трапілі пад рэканструкцыю.

Спадар Чарняўскі прыгадаў былую фабрыку матацыклаў на Карла Маркса, а дакладней — указаў на тое, што фасад яе выкладзены сылікатнай цэглай. Аднак варта ведаць, што такую цэглу ў Заходняй Беларусі выраблялі да вайны, у 30‑я гады. Ёсьць і фотаздымак будынку, датаваны 30‑мі гадамі мінулага стагодзьдзя. Сама ж фабрыка, аўтэнтычная частка яе, зробленая са звычайнай глінянай цэглы.

Будынак на вуліцы Ўрыцкага фактычна ўжо разабраны і асабіста я ня ўпэўнены, што рэшту яго пакінуць. Ігар Мяфодзевіч ні словам не ўзгадаў дарэшты разбураны будынак флігелю, першы ў Горадні паравы млын на Васілька, млын на Ціміразева.

Думаю, што не аднаго мяне не задавальняе праект аднаўленьня прасторавага аб’ёму Савецкай плошчы. Чакаць, пакуль тыя кволыя дрэўцы выканаюць ускладзеную на іх задачу, ня хочацца. Дый наўрад ці яны здолеюць замяніць сабой стары сквэр.

У выпадку з будынкам ў стылі канструктывізму на Горкага Сп. Чарняўскі павінен быў ісьці да канца, паабяцаўшы актывістам, што зьбіралі подпісы за яго захаваньне, што будынак не зруйнуюць. Ну і як цяпер разумець яго словы, што ёсьць яшчэ ў Горадні іншыя прыклады гэтага стылю? Мо зьнішчыць Фарны касьцёл, зважаючы, што ў горадзе ўжо ёсьць больш старажытная Каложа?

Фактычна абмінуў у гутарцы сп. Чарняўскі праблему Старога сьвету. Выказваньне, што ён не ўваходзіць у ахоўную зону, некарэктнае. Прынамсі, пастановай Саўміну яшчэ БССР ладная частка яго была ў зоне аховы. У 2002 г. дзіўным чынам сьпіс помнікаў і межы ахоўнай зоны зьмяніліся. Як мне вядома, самая цікавая частка Старога сьвету паводле плянаў уладаў і з ухваленьня Міністэрства культуры будзе зьмененая. Так, там ёсьць і аварыйныя будынкі, сярод камяніцаў сустракаюцца і старыя драўляныя будынкі. Але ўсе яны маюць пэўныя канструктыўныя дэталі й элемэнты, дзеля якіх і варта захаваць гэтую забудову. Будзем змагацца за гэтую частку гораду да апошняга. Горадня мае выразны падзел на тры гістарычныя раёны — цэнтар з замкамі і плошчай, Станіславова і Стары сьвет. Калі пляны гарадзкіх уладаў датычна вуліцаў Чкалава, 17 верасьня, Мядовай, Астроўскага, Міцкевіча, Бялінскага ды іншых зьдзейсьняцца, то можна будзе казаць пра страту адной з частках гарадзкой гісторыі Горадні.

Складаецца ўражаньне, што Ігар Чарняўскі ня ўпэўнены наконт пазытыўнага вырашэньня транспартнай праблемы тымі сродкамі, што задзейнічаныя сёньня.

Выклікаюць непакой ня толькі ўгаданыя аб’екты. Сёньня ўжо вядзецца праца з будынкам на перасячэньні вуліцаў Карбышава і Леніна, так званым домам лекара Тальгейма. Зь яго часткова зьбілі стары рэльефны тынк, а на яго месца паклалі гладкі. Баюся за драўляны гаўбец з дахоўкай. Некалькі камяніцаў у стылі канструктывізму ўжо пафарбавалі недарэчнымі ружовымі ды белымі фарбамі, можна чакаць тое самае і з «домам лекара».

Існуе выразны заканадаўчы парадокс. Любыя дзеяньні, што вядуць да зьменаў зьнешняга і ўнутранага выгляду, характару і функцый архітэктурных помнікаў і аб’ектаў, што знаходзяцца ў ахоўнай зоне, караюцца паводле закону. У той жа час Мэтадычная рада фактычна санкцыянуе такія зьмены, узаконьвае разбурэньні ў гістарычным цэнтры.

Андрэй Вашкевіч. Запісаў СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0