Аляксандр Лукашэнка, які 17 сакавіка прызначыў шэраг новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, запатрабаваў ад іх не дапускаць фактаў перасаджвання чыноўнікаў, якія правалілі сваю працу, на іншыя «цёплыя» месцы.

«Тут лайдачыў, а вы яго ціхенька перавялі на іншую пасаду. Гэтага не павінна быць, — сказаў Лукашэнка.

— Кадры павінны разумець: працуеш — гонар і пашана, правалілі па сваёй віне — мы не супраць таго, каб ты працаваў, але калі ты, апрача мятлы, нічога не ўмееш трымаць, — бяры мятлу, калі ты настаўнік — выкладай у школе, калі ты інжынер па спецыяльнасці — ідзі майстрам у сельгастэхніку ці яшчэ кудысьці».

«Калі мы гэта не выкаранім — будзе тое ж самае, што карупцыя. Яны павінны адчуваць адказнасць. На гэтыя пытанні трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама запатрабаваў ад Адміністрацыі прэзідэнта пастаянна трымаць адпаведныя пытанні на кантролі па ўсёй вертыкалі ўлады.

У час размовы з новымі кіраўнікамі мясцовых выканаўчых органаў Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці выхаду на эфектыўную вытворчасць, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, і папярэдзіў, што лёгкага жыцця і вялікіх аб'ёмаў дзяржаўнай падтрымкі чакаць не варта.

«Сельскую гаспадарку трэба прыводзіць у прытомнасць. Мы не можам так фінансаваць і падтрымліваць вёску, як раней.

Па розных прычынах. У нас ёсць пэўныя абавязацельствы і ў Мытным саюзе, — сказаў Лукашэнка. — Па-другое, у нас ужо намецілася тэндэнцыя да ўтрыманства. Мы ж з вамі працавалі ў сельскай гаспадарцы, вы ведаеце: прасі больш, дадуць крыху менш».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, зараз ідзе актыўная праца групы па вёсцы, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

«У хуткім часе мы выйдзем на пэўныя рэкамендацыі, вывучыўшы сітуацыю прыкладна так, як было па будаўніцтве, — зазначыў Лукашэнка. — Але меры адны: час ужо зарабляць. Недзе мацнейшая гаспадарка, недзе слабейшая. Старшыня райвыканкама ў гэтай сітуацыі становіцца нейкім вузлавым звяном для развязкі праблем і кіравання ўсім комплексам».

Лукашэнка звярнуў увагу кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады на тое, што ўсе прадпрыемствы на тэрыторыі раёнаў, незалежна ад форм уласнасці, знаходзяцца ў іх зоне адказнасці.

«Якое б там прадпрыемства ні было — прыватнае, дзяржаўнай формы уласнасці, акцыянернае таварыства — вы за гэта адказваеце. Таму што там працуюць нашы людзі, за якіх вы несяце адказнасць. Па-другое, там падатковая база, а падаткі — гэта жыццё дзяржавы», — падкрэсліў ён.

У гэтым плане Лукашэнка раскрытыкаваў старшыняў выканкамаў, якія самаўхіляюцца і не ўнікаюць у праблемы прыватных прадпрыемстваў, і запатрабаваў жорстка кантраляваць адпаведныя пытанні. «Гэта правы чалавека. Права на працу, на яго перспектыву. Ён павінен бачыць перспектыву, што ён будзе пастаянна працаваць і карміць сваю сям'ю», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, 17 сакавіка Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Андрэя Мулярчыка старшынёй Пінскага гарвыканкама, Уладзіміра Анішчыка — Свіслацкага райвыканкама, Віктара Ката — Вілейскага райвыканкама, Дзмітрыя Малашэнкі — Касцюковіцкага райвыканкама. Ён таксама прызначыў іншых чыноўнікаў, дыпламатаў і ўзгадніў прызначэнне шэрагу кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?