У сталіцы Вэнэсуэлы адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і студэнтамі, якія пратэставалі супраць унясеньня зьменаў у канстытуцыю, што адмянялі б абмежаваньні па тэрмінах прэзыдэнцтва.

Сотні пратэстоўцаў у цэнтры Каракаса прарваліся праз паліцэйскія кардоны і пачалі закідваць камянямі і бутэлькамі невялікія групкі дэманстрантаў, што мітынгавалі ў падтрымку Чавэса. Для разгону студэнтаў паліцыя выкарыстала сьлёзатачывы газ. Падчас сутыкненьня некалькі чалавек атрымалі лёгкія раненьні.

Рэфэрэндум па прапанаванай Чавэсам рэформе адбудзецца ў сьнежні. Акрамя тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта ў ёй утрымліваюцца зьмяненьні, што дазваляюць затрымліваць грамадзян без абвінавачваньня падчас палітычных хваляваньняў ці стыхійных бедстваў.

Мяркуючы па апытаньнях, Чавэс зможа выйграць рэфэрэндум, паколькі пакет мераў утрымлівае, напрыклад, скарачэньне працоўнага дня і падтрымку вулічных гандляроў. Супраць рэформы ўжо выступіла вэнэсуэльская апазыцыя, лідэры студэнцкіх арганізацыяў і вэнэсуэльская каталіцкая царква.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?