Найбольш тыповая праблема, што напаткала вызваленых – парушэньне сну. Піша лекар Андрэй Вітушка.

3, 7, 10, 15 сутак зьняволеньня – вусны судзьдзяў агучвалі тэрміны проста і абыякава. Саракагадовыя кабеты ў мантыях з аднолькавай лёгкасьцю адпраўлялі ў перапоўненыя камэры на Акрэсьціна маладзенькіх дзяўчат і сталага веку мужчын.

«Правапарушальнікі» адбылі прызначанае з годнасьцю і выйшлі на свабоду героямі. Але ад турэмных сьценаў у іх засталіся ня толькі ўспаміны. На жаль, многія з былых вязьняў цяпер маюць праблемы са здароўем. Большасьць юнакоў сутыкнулася з гэтым упершыню, і яны ня схільныя ўспрымаць гэта сур’ёзна, чакаюць, што ўсё само пройдзе. Іншыя ж зьвяртаюцца ў паліклінікі, але часта не тлумачаць паходжаньня сымптомаў, а гэта замінае спэцыялістам даваць адэкватныя парады.

Парушэньне сну

Найбольш тыповая праблема, што напаткала вызваленых, – парушэньне сну. Праяўляецца яно цяжкасьцямі ў засынаньні, адчуваньні стомленасьці, нявыспанасьці ўдзень і ўночы, але доўгія гадзіны ў цёплым утульным ложку эфэкту не даюць, заснуць ўдаецца хіба на паўтары–дзьве гадзіны ў суткі. Рэкамэндацыі ў дадзенай сітуацыі могуць быць наступныя: прысьвяціце трохі часу сабе і свайму здароўю.

Пашпацыруйце па парку ўвечары, прыміце цёплую ванну з расслабляючай пенай ці настоем мяты, выпіце мятнай гарбаты, праветрыце пакой, уключыце ціхую інструмэнтальную музыку і – дабранач!

Народнымі мэтадамі кшталту падліку авечак і куфля цёплага піва карыстайцеся крытычна – першы з прыведзеных малаэфэктыўны, а другі можа падняць вас па хуткім часе празь фізіялягічны мэханізм невялічкай, але настойлівай патрэбы (піва ўсе ж такі).

Калі простыя сродкі не спрацоўваюць, трэба зьвяртацца да мэдыкамэнтаў. Без рэцэптаў у аптэках даступныя зёлкавыя прэпараты кшталту ўлюбёнай бабулькамі «Настойкі валерыяны» і «Новапасіту». Прымаюць іх звычайна 2–3 разы на дзень курсам да месяца–двух. Але калі праблема не зьнікае цягам 4–5 дзён, неабходна ісьці на прыём да лекара. Да якога? Аптымальна да псыхатэрапэўта, але прыдасца і нэўрапатоляг ці, на скрайні выпадак, звычайны ўчастковы тэрапэўт. Кожны зь іх зможа вам выпісаць рэцэпт на больш сур’ёзныя прэпараты, а псыхатэрапэўт (і, часам, нэўрапатоляг) дапамогуць сэнсоўнай парадай.

Галаўны боль

Наступная распаўсюджаная скарга – галаўны боль. Звычайна спадарожнічае разладам сну і праходзіць разам з нармалізацыяй рытмаў апошняга. У спалучэньні з падвышаным ціскам можа быць праявай абвастрэньня гіпэртаніі (пра хранічныя хваробы ніжэй).

Праблемы са страваваньнем

Многія адчуваюць праблемы са страваваньнем. Гэта тлумачыцца тым, што дастаткова доўгі час Вы ўжывалі нязвыклую і ня надта здаровую ежу, мала рухаліся. З-за гэтага мог парушыцца балянс мікрафлёры кішачніка, пра што сьведчаць частыя і безвыніковыя спробы схадзіць у прыбіральню. У такім разе рэкамэндуецца перайсьці на дыету: на сьняданак есьці кашу, у абед – лёгкі суп, паравыя катлеты з варанай гароднінай, на вячэру – кісламалочныя прадукты. Не пажадана піць газаваныя напоі, моцную каву ці гарбату. Варта ўжываць дыетычныя хлебцы, валоскія арэхі, чарнасьліў, курагу. Калі ж вам давялося пагаладаваць больш за трое сутак запар, то зварот да нармалёвага рацыёну мусіць быць паступовым як па складзе, так і па аб’ёме ежы, і адбываецца ён не праз смажанае сала з бульбай, а праз рысавую кашку з варанай цяляцінай ці курай.

Аслабленьне імунітэту

Знаходжаньне ў замкнёнай прасторы і блізкае суіснаваньне зь некалькімі нават самымі лепшымі людзьмі могуць падарваць сыстэму вашага імунітэту. Калі Вы адчуваеце, што пачалі хутка стамляцца, цяжка аднаўляцца, вяртацца да працы, настрой мяняецца раптоўна, валасы выпадаць, пазногці ламаюцца больш, чым раней, – час ужываць полівітамінныя комплексы (лепей зь мінэраламі). Ідэальна, калі выбіраць прэпарат Вы будзеце разам зь лекарам. Калі сымптомы ня зьнікнуць, варта правесьці больш дасканалае дасьледаваньне.

Абвастрэньне хранічных хваробаў

Людзям, што мелі да зьняволеньня хранічныя хваробы (гіпэртанія, хранічны бранхіт, цукровы дыябэт і г.д.), неабходна неадкладна схадзіць да профільнага спэцыяліста на кансультацыю, бо знаходжаньне за кратамі магло іх істотна пагоршыць.

Наагул, жыцьцё ў замкнёнай прасторы бязь сьвежага паветра, сьвятла, без магчымасьці падтрымліваць неабходную гігіену і ў стрэсавай сытуацыі невядомасьці – няпростае выпрабаваньне. Праявіце ўдзячнасьць да свайго арганізму і ўзнагародзьце яго максымальнай колькасьцю станоўчых эмоцыяў, доўгімі шпацырамі на прыродзе, здаровай смачнай ежай і жыцьцярадасным сэксам! Вясна ж усё-такі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0