Мінскае метро спынілі на тры гадзіны 26 лютага. Як пазней расказалі ў сталічнай міліцыі, студэнтка Алена Мацкела паведаміла ахове падземкі пра смс-­паведамленне, падгледжанае на мабільніку ў пасажыра. Той нібыта пісаў пра планы ўзарваць выбухоўку.

Давялося праводзіць эвакуацыю. Бомбу не знайшлі, але ў той жа дзень затрымалі падазронага пасажыра. Гэта 35­-гадовы ўраджэнец Казахстана, які жыве на Міншчыне. У дачыненні да яго заведзена крымінальная справа за «загадзя лжывае паведамленне пра небяспеку».

Гэта афіцыйная версія. Але, як аказалася, у справе ёсць прынамсі яшчэ адзін фігурант — Андрэй Кашэўскі. У той дзень, калі ў метро шукалі выбухоўку, у Смалявічах адбыўся ператрус на лецішчы ў бацькоў Андрэя.

«Я быў у хаце, калі ў дзверы пагрукалі міліцыянты, запыталіся, ці тут мой сын. Кажу: «Няма». А яны прывялі панятых, зайшлі ў хату і пачалі ператрус, — расказвае Часлаў Кашэўскі. — Запытваюся: «А што здарылася, на якой падставе ператрус?» — «Гэтага вам сказаць не можам». Палезлі па шафах, паліцах, на гарышча… Каб вы толькі пабачылі, у што ператварыўся дом! Знайшлі нейкія экалагічныя часопісы, Дэкларацыю правоў чалавека… Сказалі, што гэта забароненая літаратура, і забралі з сабой.

Андрэя схапілі, калі ён прыехаў дадому, здаецца, 28 лютага. І тады толькі сказалі, што падазраюць яго ў тым, што паралізаваў працу метро. Некуды патэлефанавалі, пад’ехала «хуткая», і сына павезлі».

Андрэю — 34 гады. Яго бацькі — пенсіянеры. На лецішчы ў Смалявічах мужчына жыве з бацькам. Маці з дочкамі прыязджаюць з Жодзіна ледзь не штодня. На лецішчы — куры, свінні і сабака Дружок.

Андрэй Кашэўскі цяпер знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

Нам удалося ўбачыцца з ім. Паводле матэрыялаў справы, яму прыпісваюць тое, што зрабіў муляж бомбы і паклаў яго ў метро 26 лютага. І ў дадатак пагражаў забіць свайго бацьку. Часлаў Кашэўскі абураецца, бо нічога пра гэта не ведае — кажа, што з сынам у добрых стасунках.

Андрэй жа лічыць, што прычынай ператрусу сталі жоўта­-сінія стужкі, за якія яго затрымлівалі ажно 6 (!) разоў за месяц. За праяву салідарнасці з украінскім народам ён нават адседзеў на сутках.

«Мяне затрымалі тады ў метро. Напісалі ў пратаколе, што я нібыта не падпарадкоўваўся міліцыі, спрабаваў збегчы. Вось я і атрымаў 10 сутак. Хаця да гэтага ў мяне толькі забіралі значок і жоўта-­блакітную стужку, а пасля адпускалі. Рэч у тым, што на Новы год я быў у Кіеве, хадзіў на Майдан. Цяпер у мяне следчыя і дапытваліся, чаму ездзіў, што рабіў, што адтуль прывёз. Калі яны падазраюць, што гэта я рыхтаваў нейкі тэракт, чаму не забяруць мой мабільны і не пашукаюць у ім тую смс­ку?»

«Бацькі майго мужа былі рэпрэсаваныя — сям’ю выслалі ў Архангельскую вобласць. Не ўсе даехалі, некалькі чалавек загінулі потым на лесапавале. Пасля была рэабілітацыя. Андрэй хадзіў у КДБ і прасіў паказаць дакументы. Ягонай асобай зацікавіліся. Тады ж, у 2007­-м, ён зладзіў пікет супраць Лукашэнкі. Казаў, што ў нас няма выбараў, што трэба выбіраць па законе… Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта і пакаралі штрафам ажно ў $900. І месяц Андрэя трымалі ў Навінках. Потым мы даведаліся, што яго паставілі на псіханеўралагічны ўлік.

Сын цікавіцца беларускай гісторыяй і гісторыяй свайго роду. Вось нават ручнічок з беларускім арнаментам на крэсла паклаў. Толькі доктар сказала мне, што гэта ненармальна, маўляў, гэта шызафрэнія», — кажа Валянціна Кашэўская.

Дарэчы, 4 сакавіка, у той час, калі Андрэй знаходзіўся ў шпіталі, а затрыманы ўраджэнец Караганды ў ізалятары, амаль на гадзіну была перакрыта станцыя метро «Купалаўская». Па заявах міліцыі, нецвярозы мужчына падышоў да машыніста цягніка і паведаміў яму, што на станцыі рыхтуецца выбух. Паведамленне было лжывым, мужчыну затрымалі. Цяпер яму таксама пагражае да пяці гадоў турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?