На нарадзе па ўдасканаленні збору другаснай сыравіны Аляксандр Лукашэнка падверг крытыцы пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушку.
«Мы паслоў «заціснулі», каб прадавалі прадукцыю, а прадаваць жа не хочацца.
Хочацца ж, ведаеце: беленькія манжэцікі, беленькія каўнерыкі, сядзець у Францыі і прадстаўляць нейкія палітычныя інтарэсы, займацца балбатнёй і карціны на сценках развешваць, паказваючы гэтым сваю працу.
Калі іх жыманулі па продажах прадукцыі, што ў гэтым годзе трэба будзе перад прэзідэнтам даваць справаздачу, яны завылі, што прадукцыя не тая, — сказаў Лукашэнка. — Але гэта ўжо не праходзіць. Я працую прэзідэнтам 20 гадоў, не першы год, мне можна было тады, у 30 гадоў, локшыну вешаць на вушы, але ўжо не сёння».
Нагадаем, што 9 лютага ў інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ Павел Латушка заявіў, што цяжка разлічваць на тое, што беларускія дыппрадстаўніцтвы за мяжой змогуць прадаваць беларускую тэхніку са складоў:
«Ёсць такія прыклады, калі ў пасольствы ідуць лісты з інфармацыяй на адной старонцы, у якой значыцца, што на нашых складах знаходзіцца столькі вось штук рухавікоў або столькі штук тэлевізараў, або столькі штук іншых дэталяў. І гэта проста падаецца ў форме штук і асобнікаў. Калі ласка, прадайце ў вашай краіне», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, разлічваць на тое, што за прадпрыемствы, якіх у краіне тысячы, задачы экспарту вырашыць адзін гандлёвы дарадца ці адзін пасол, цяжка. «Не таму, што мы не хочам працаваць, а проста таму, што 24 гадзіны ў сутках», — зазначыў Латушка.
«Мы сустракаемся з сітуацыяй, калі наша тэхніка на прэзентацыях проста ламаецца. І, вядома ж, які можа быць давер да той прадукцыі, якая на першай жа прэзентацыі можа зламацца? Калі ключ ад адзінкі нашай тэхнікі не можа адкрыць дзверы.
Можаце сабе ўявіць, чалавек купляе «Мерседэс», бярэ ключ і дзверы гэтага «Мерседэса» адкрыць не можа. Вядома, мы не прадаем «Мерседэсы», але ўжо сёння, калі мы кажам пра сельскагаспадарчае машынабудаванне, пакупнік чакае «Мерседэса» на полі», — канстатаваў беларускі дыпламат.
Каментары