«Наша Ніва»: У адным з апошніх артыкулаў Вы напісалі, што «Крым — гэта першы этап па ўз’яднанні рускага народа». А хто яшчэ мусіць далучыцца?

Юрый Баранчык: Значная частка ўсходу Украіны. Луганская, Харкаўская, Данецкая, Запарожская, Днепрапятроўская, Херсонская, Мікалаеўская вобласці. А таксама руская поўнач Украіны — гэта Сумская, Жытомірская, Чарнігаўская вобласці. Пытанне, ці патрэбен нам Кіеў. Бо гэты горад прапах фашысцка-бандэраўскім духам. Канечне, гэта Адэская вобласць. Нам патрэбная мяжа з Прыднястроўем, каб не дапусціць румынізацыі гэтага рэгіёна.

«НН»: А Беларусь і поўнач Казахстана?

ЮБ: Навошта? З гэтымі краінамі Расія будуе эканамічнае супрацоўніцтва. Ёсць Мытны саюз, хутка ўзнікне Еўразійскі. Ніякай патрэбы няма. Іншая справа Украіна, дзе адбылася нелегітымная змена ўлады.

«НН»: Яшчэ ў інтэрнэце можна пачуць пра рускіх Латвіі і Эстоніі.

ЮБ: А тут, ведаеце, дэмаграфія грае сваю ролю. У гэтых краінах і так адбываецца змяншэнне колькасці латышоў і эстонцаў, якія выязджаюць на ПМЖ на Захад. Я ведаю, што мясцовыя сем’і імкнуцца выправіць сваіх дзяцей ці ў Вялікабрытанію, ці ў Нарвегію. Рускія ж нікуды не з’язджаюць.

«НН»: Далучэнне Крыма да Расіі будзе лёгкім?

ЮБ: Перакананы, што так. Нават лягчэйшым, чым гэта было ў Абхазіі. Тут моцная эканоміка. Дарэчы, багата беларусаў з’ехала рабіць свой бізнэс у Крым. Яшчэ ў Крым грошы будзе ўкладаць Кітай. Януковіч «кінуў» Кітай на кантракт на 3 мільярды даляраў, якія цяпер кітайцы плануюць укласці ў Крым. Гэта будзе адной з баз «Вялікага шаўковага шляху».

«НН»: Наколькі дорага будзе Расіі ўтрымліваць Крым?

ЮБ: Сёння гаворка вядзецца пра 5 мільярдаў даляраў. Канечне, грошы трэба будзе ўкладаць у пенсіі, адукацыю, турызм. Расіяне паедуць туды адпачываць, зараз гатовыя ўжо ехаць. Ніхто не баіцца магчымасці якога-небудзь тэракту. Ездзілі ж у Егіпет. Паедуць і ў Крым.

Адбылася вялізная духоўная перамога рускага народа. Руская зямля вярнулася на Радзіму. У Расіі цяпер вялізны патрыятычны ўздым. Таму гаварыць у такой сітуацыі пра грошы недарэчна.

«НН»: Вы крытыкавалі расійскае МЗС за працу з дыяспарай ва Украіне, калі грошы ўкладаліся ў пасядзелкі «пенсіянераў з балалайкамі».

ЮБ: І не толькі ва Украіне. Тое самае можна сказаць пра ўсю постсавецкую прастору. І пра Беларусь у тым ліку. Стаўка рабілася не на тых. Мы прапаноўвалі рэальную работу, але нашы ініцыятывы нярэдка блакаваліся. Цяпер сітуацыя крыху выпраўляецца. Інерцыя мінулых гадоў пераадольваецца. Працаваць трэба не з гуртам песняў і плясак, а з моладдзю, чынавенствам. Ладзіць рэальна патрэбныя семінары, працаваць у інтэрнэце, а не займацца конкурсамі самадзейнасці.

«НН»: Лукашэнка захоўвае нейтралітэт ва ўкраінскай сітуацыі, выступае за цэласнасць Украіны.

ЮБ: Гэта, канечне, добра, што Беларусь адвяла тэрыторыю для пятнаццаці расійскіх самалётаў. Але лепш бы вы падтрымалі Расію ў гэтым пытанні. Відавочна, што Лукашэнка баіцца парушыць эканамічнае супрацоўніцтва з фашысцкімі ўладамі ва Украіне.

«НН»: Вы цяпер жывяце ў Маскве? Чым займаецца Ваш Інстытут інфармацыйных войнаў?

ЮБ: Так, некалькі гадоў як пераехаў у Маскву. Інстытут — гэта грамадская структура, якая дзейнічае па заявачным прынцыпе, што немагчыма ў Беларусі. Працуем над стварэннем эксперт-супольнасці, якая магла б аператыўна рэагаваць сваімі каментарамі ў інтэрнэце на важныя грамадска-палітычныя тэмы. У нас цяпер ёсць людзі з Расіі, Беларусі і Украіны. Будуць далучацца з Літвы і Казахстана, а таксама з іншых краін Усходняй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?