На зямлі акупаванай,
Дзе ўладарылі чужынцы,
Сеяў зерне – зерне праўды
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каб вякоў не знікла памяць,
Не запуставалі душы,
Сеяў зерне – зерне веры
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

На вызвольны кліч Айчыны
Дзеля прышласці шчаслівай
Сеяў зерне – зерне волі
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каб не сталіся рабамі
Пад маскоўскім панаваннем,
Бараніў зямлю святую
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Задрыжэў маскаль паганы,
Помста ў сэрцах закіпела,
Косы браць, браць косы клікаў
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Мураўёў здабычы прагнуў,
Паціраў злаўцешна рукі,
Як быў кінуты ў вязніцу
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Наказаў прыспешыць страту,
Уздыхнуў маскаль з палёгкай,
Як быў страчаны на плошчы
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Не пакінулі магілы,
Рыхтавалі смерць другую,
Каб знік з памяці людское
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Ды змагар заўжды з народам,
За зямлю, за край свой родны
Ваяваў і ваявацьме
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Для твайго, народзе, шчасця
Зерне праўды, веры, волі
Векавечна будзе сеяць
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

22.03.2000

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0