«За дружбу і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расіяй, Беларусіяй (так у арыгінале) і іншымі брацкімі народамі былога СССР, якія цяпер ва ўсёй паўнаце ўвасабляюцца ў Мытным саюзе», заклікаў змагацца украінцаў лідэр крымскіх сепаратыстаў (афіцыйна — старшыня ўрада Рэспублікі Крым) Сяргей Аксёнаў.

«Не магу маўчаць у момант, калі самазваныя ўлады ў Кіеве крок за крокам падводзяць народ Украіны да краю прорвы, — піша Аксёнаў ў звароце, размешчаным у соцсетках 22 сакавіка. — Учора Арсеній Яцанюк падпісаў палітычную частку дамовы аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. І хай вас не ўводзіць у зман той факт, што падпісанне эканамічнай часткі пагаднення адкладзена на цэлых 7 месяцаў — яно абавязкова будзе падпісана, калі, вядома, вы дазволіце яе падпісаць. Вас чакаюць неапраўдана высокія падаткі і павышэнне коштаў. Інфляцыя і рост беспрацоўя, павелічэнне пенсійнага ўзросту вышэй межаў сярэдняй працягласці жыцця».

«Уся прамысловасць і сельская гаспадарка не толькі паўднёва — усходу, але і іншых рэгіёнаў Украіны, будуць разбураны і знішчаны ў лічаныя месяцы пасля поўнага ўступлення ў сілу так званай «асацыяцыі». Мільёны людзей апынуцца без сродкаў да існавання і атрымаюць адзінае права выбару — альбо памерці, альбо стаць змушанымі мігрантамі — гастарбайтэрамі.

I ўсё гэта дзеля таго, каб дамарослыя ўкраінскія алігархі здолелі і далей бесперашкодна і з камфортам карыстацца усімі пладамі разграблення уласнага народа. І каб купка палітыкаў-нацыстаў змагла атрымаць ярлык на княжанне і ўвасобіць у жыццё свае людаедскія ідэі аб «чысціні ўкраінскай нацыі» і асіміляцыі «некарэнных народаў», — палохае Аксёнаў.

«Ніхто з нас не можа застацца абыякавым да таго жаху, які вас чакае, — заяўляе ён. — Не магу заставацца ў баку і я! Значную частку свайго свядомага жыцця я правёў на Украіне, люблю яе народ і жадаю ўсім вам толькі шчасця і дабрабыту. На жаль, у той будучыні, якая вам ужо падрыхтавана кіеўскай хунтай, яны немагчымыя».

Аксёнаў заклікаў украінцаў да барацьбы і супраціву выбару, які зроблены за іх «купкай палітычных авантурыстаў, што фінансуюцца алігархамі-кампрадорамі».

«Заклікаю ўстаць на абарону ўласнай свабоды, правоў і інтарэсаў, забеспячэнне якіх, я глыбока перакананы, ляжыць у цесным саюзе з Расійскай Федэрацыяй — саюзе палітычным, эканамічным, культурным…

Прадажныя кіеўскія сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць Расею ў анексіі Крыму. Большай лухты я не чуў за ўсё сваё жыццё. Расія адгукнулася на наш шчыры заклік, выконваючы абавязак перад суайчыннікамі, адзінакроўнымі братамі. І зараз мы адчуваем яе магутную падтрымку кожную хвіліну.

Я магу толькі пажадаць вам, шматкроць здраджаным і прададзеным уладамі Украіны, каб вы калі-небудзь змаглі адчуць такія ж любоў і клопат. Мы, крымчане, вельмі доўга чакалі і спадзяваліся на яе, але цяпер, смею запэўніць, у сваіх чаканнях не памыліліся. Упэўнены, што гэтак жа па-братэрску адгукнецца яна на шчыры заклік аб дапамозе і з боку іншых рэгіёнаў Украіны», — піша Аксёнаў, ордар на арышт якога Генеральная пракуратура Украіны выпісала ў пачатку сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?