РІА «Навіны»: Расія заявіла пра гатоўнасць да канца года павялічыць колькасць расійскіх самалётаў да 24. Як доўга яны будуць знаходзіцца ў Беларусі? Ці ёсць яшчэ планы па сумесных вучэннях з Расіяй? І як будзем абараняць межы нашай Радзімы?

А. Лукашэнка: Нічога новага не скажу. Вы ведаеце, што кожны год па чарзе на тэрыторыі Беларусі і Расіі праводзяцца вучэнні беларускіх і расійскіх войскаў. Калі ў Расіі, то аснову складаюць расійскія Узброеныя сілы, нашых частак там меней. Калі на тэрыторыі Беларусі, а гэта самае галоўнае, таму што на заходнім напрамку ў Саюзе Беларусі і Расіі асновай з'яўляецца беларуская армія, і яе ў выпадку, не дай Бог, канфлікту або ваенных дзеянняў заходнія часткі Расійскай Федэрацыі падмацоўваюць, перакідваюцца сюды ці ў нейкай раён у залежнасці ад плана вядзення ваенных дзеянняў, але ўсё роўна гэта сумесныя дзеянні. І мы дамовіліся, гэта была мая настойлівая прапанова, што павінныя навучаць сваіх вайскоўцаў. Не адразу пагадзілася кіраўніцтва Расіі на гэта, але цяпер мы так і робім. Адзін год у нас, адзін год у іх. Мы гэта ўжо, па-мойму, 3 ці 4 гады падтрымліваем.

У мінулым годзе былі вучэнні ў нас. У наступным годзе будуць у іх. І пры тым мы просім расійцаў, каб мы вучэнні праводзілі перш за ўсё на палігонах, якіх у нас няма. С-300 мы страляць у Беларусі не можам, таму што гэта небяспечная зброя, таксама і некаторыя іншыя ракетныя сістэмы.

Таму мы праводзім на іх палігонах вучэнні, каб у баявой абстаноўцы навучыць нашу армію. Для чаго мы гэта робім? Зноў урокі Украіны паказалі: калі трэба было абараняць краіну, арміі няма.

Яе няма, па вялікім рахунку, і цяпер. І гэта не я выснову зрабіў, а выканаўца абавязкаў міністра абароны, выступаючы ў парламенце, дакладваў, колькі ў яго лічыцца штыхоў, колькі ў яго сёння можна мабілізаваць, колькі неадкладна могуць адрэагаваць. А ніводнага. У такой гіганцкай дзяржавы аказалася, што войска лічылася на паперы. Не праводзіліся вучэнні, не было зладжвання экіпажаў і гэтак далей. Колькі часу прайшло, перш чым яны маглі знайсці механікаў-кіроўцаў і вывезці бронетэхніку. Вось да чаго можа прывесці негатоўнасць арміі. Яны не могуць да гэтага часу стабілізаваць становішча ў краіне. Няма той сілы ва Украіне.

Але калі ёсць армія, яна павінная вучыцца. Яны павінныя быць гатовыя ў любы момант абараняць Радзіму. Калі вы не хочаце іх навучаць, то не трэба іх і ўтрымліваць.

Мы ў свой час заявілі, што 150-200 тысяч Узброеных сіл, якія нам дасталіся, мы ўтрымліваць не можам і не павінныя. Войска робіцца тэхналагічным. І мы пачалі скарачаць. Сёння іх менш за 70 тысяч, будзе 55.

Гэта будзе нармальная армія, вельмі магутныя сілы. Мы іх пераарыентавалі. Ужо франтоў не будзе. Патрэбныя сілы спецыяльных аперацый, спецпадраздзяленні. Што мы, дарэчы, ужо зрабілі. Цяпер ідзе паглыбленне, мадэрнізацыя арміі, у тым ліку і ў кірунку ўзбраення. Вось мы нядаўна з дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі і міністрам абароны абмяркоўвалі гэтыя пытанні.

Таму тут нічога новага няма. Кожны год мы будзем сумесна праводзіць вучэнні з Расійскай Федэрацыяй. Гэта паводле нашых дамоваў. Дакладна так, як робяць натаўцы.

Што да самалётаў. Не трэба Расію папракаць у тым, што ў яе імперскія замашкі, бандыты і гэтак далей, што яны, маўляў, гэтыя самалёты прыгналі і пасадзілі ў Беларусі.

Яшчэ, напэўна, год ці болей таму я звярнуўся да прэзідэнта Расіі ў сувязі з тым, што ў нас рэсурс самалётаў кожны год сыходзіць, іх трэба або мадэрнізаваць і рамантаваць, або мяняць на новыя.

Але навошта мяняць на новыя танк ці самалёт, якія ва ўмовах вайны разлічаныя літаральна на гадзіны бою? Сёння ўвесь свет ідзе шляхам мадэрнізацыі Узброеных сіл. Мы таксама гэта робім. Мы перабудавалі працу нашых абаронных прадпрыемстваў, а вы ведаеце, што вядучымі ў Савецкім Саюзе па рамонце і мадэрнізацыі былі мы. Займаліся ў асноўным рамонтам, але я іх пераарыентаваў і на мадэрнізацыю: у Барысаве — бронетэхніка, у Баранавічах — наймагутнейшы завод сусветнага значэння, сусветна вядомы, па мадэрнізацыі лётных апаратаў (верталётаў, самалётаў, беспілотнікаў і гэтак далей). Я іх таксама павярнуў у бок мадэрнізацыі: не проста адрамантаваць стары самалёт, а мадэрнізаваць яго, што яны і робяць. У найбліжэйшы час мы з вамі пабудзем у Баранавічах і паглядзіце, як ідзе гэтая мадэрнізацыя.

Я звярнуўся да Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна з просьбай прадставіць дзесяць самалётаў. Нам яны вельмі патрэбныя не таму, што ў нас іх няма. Сёння ў Беларусі, па-мойму, 160 самалётаў і верталётаў, задзейнічана, напэўна, 60. Нам гэта досыць і нават шмат для тых Узброеных сіл, якія мы сёння рыхтуем.

Яшчэ раз падкрэсліваю: галоўнае для нас не самалёты і верталёты, галоўнае для нас сёння — сілы спецыяльных аперацый, армія, якая можа нанесці непапраўную шкоду саперніку, армія, якая можа абараніць нашу краіну, перш за ўсё ад гэтых самалётаў, верталётаў, крылатых ракет. Значыць, павінная быць сістэма супрацьпаветранай абароны, сістэма разведкі, выяўлення мэты.

Мы самі стварылі новыя радыёлакацыйныя станцыі — «Усход» і «Раса». «Раса» — нізкалётная, выдатна працуе на нізкай вышыні, «Усход» выдатна працуе па трох каардынатах. У нас ужо гатовыя гэтыя сістэмы купляць. Але мы пакуль абсталёўваем сваё войска. Значыць мы можам выявіць і навесці нашу супрацьпаветраную абарону на мэту, якая з'явіцца, нават супраць крылатых ракет.

Трэба яшчэ зброю супрацьпаветранай абароны, С-300 і іншую. Што мы і робім. Калі Расія сказала, што не можа С-300 зусім бясплатна даць, я сказаў, што мы будзем купляць. І купляем С-300, як бы ні было нам цяжка.

Але і, вядома ж, ніхто не адмяняў, для таго каб знішчаць тэрарыстаў (на вучэннях вы бачылі, мы прапрацоўвалі гэтую тактыку), патрэбныя верталёты. Верталёт у горку падняўся — знішчыў цэлую пляцоўку, дзе знаходзяцца тэрарысты. Ну а супраць верталётаў, вы ж ведаеце, ёсць вельмі добрая зброя: на плячо — і няма верталёта. Вось гэта кажа пра тое, якая каштоўнасць самалётаў, верталётаў. Але тым не менш яны патрэбныя.

Тады я і папрасіў гэтыя 10 самалётаў.

Гэта было больш за год таму. Цяпер яны знаходзяцца ў Беларусі: 4 са снежня і 6 з'явіліся нядаўна, калі я запатрабаваў, каб расійскі бок выканаў свае абавязанні. Пасадзілі іх у Бабруйску на запасным аэрадроме.

Прычым расійскія экіпажы ў нас дзяжураць па нашым заданні, падпарадкоўваюцца нашым Узброеным сілам. Цяпер я паставіў пытанне, каб лёталі разам расіец і наш беларус, каб навыкі не страціць, каб у нас школа засталася. Вось таму я прасіў 10 самалётаў. А не тое, што прыганіце з расійскімі экіпажамі і дапамажыце нам.

Што да яшчэ 24-х, у дачыненні да якіх вы задалі пытанне, нам у прынцыпе яны не патрэбныя. Але было б нядрэнна, калі б у нас былі яшчэ ў запасе добрыя сучасныя самалёты.

І калі, як РІА «Навіны» кажа, што яшчэ 24 самалёты расійцы гатовыя нам даць, я буду толькі рады. Хоць, паўтаруся, вострай неабходнасці няма. Я паўгода таму ўжо і не чакаў, што расійцы нам дапамогуць, і даў каманду Ваенна-паветраным сілам неадкладна мадэрнізаваць свае 10 самалётаў. Да канца года яны будуць у страі — СУ-27 і МіГ-29. Гэтага нам дастаткова да 2025 года, калі мы ў спраўным стане будзем падтрымліваць тое, што яшчэ лётае ў нас сёння.

Таму тут няма вялікай праблемы, гэта не ціск Расіі, гэта была мая просьба даць 10 самалётаў.

І калі дадуць яшчэ 20 самалётаў, тым больш што яны прыязджаюць на запраўку, зарплату атрымліваюць у Расіі, гэта нам вельмі і вельмі выгадна. Бо самалёт — вельмі дарагая цацка для дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0