Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 24 сакавіка падчас відэабрыфінгу. 

«У другой палове тыдня нас чакае паступовае паніжэнне тэмпературы і блізу выхадных — пахаладанне. Першую палову тыдня надвор'е будуць вызначаць цёплыя паветраныя масы з поўдня Еўропы, а па паўднёвым захадзе краіны актыўныя атмасферныя франты», — сказаў Рабаў. 

У аўторак ноччу ў заходніх раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, днём па паўднёвым захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённыя гадзіны месцамі магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу будзе плюс 4—10°С, днём плюс 13—19°С, у заходніх раёнах плюс 9—12°С. 

У сераду пераважна па паўднёва-заходняй палове чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах краіны туман. Тэмпература паветра ноччу плюс 2—9°С, днём плюс 12—19°С, па паўднёвым усходзе плюс 20—22°С, у паўднёва-заходніх раёнах плюс 7—11°С. 

Паводле слоў сіноптыка, пачынаючы з чацвярга «ўладу над надвор'ем возьме халодны антыцыклон, вецер памяняецца на ўсходні, і тэмпература пачне паступова паніжацца». 

У чацвер пераважна без ападкаў, толькі ў паўднёва-заходніх раёнах кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу плюс 1—8°С, па паўночным усходзе пры праясненнях да 0 — мінус 2°С, днём плюс 8—15°С. 

У пятніцу без істотных ападкаў. Тэмпература паветра ноччу плюс 1—6°С, пры праясненнях да 0 — мінус 3°С, днём плюс 6—13°С. 

У выхадныя дні чакаецца далейшае паніжэнне тэмпературы паветра.

На фоне павышанага атмасфернага ціску будуць праходзіць малаактыўныя атмасферныя франты, вецер будзе паўночнай чвэрці, таму ў асобных раёнах магчымы невялікія ападкі, галоўным чынам у выглядзе мокрага снегу. Тэмпература ноччу 0 — мінус 5°С, днём плюс 1—8°С, па паўднёвым захадзе ноччу плюс 1—3°С, днём плюс 9—10°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?