У 29-м нумары «Дзеяслова» надрукаваны ўспаміны Леанілы Бортнік — жонкі кіраўніка антысавецкай арганізацыі Георгія Бортніка, сяброўкі СБМ, якая двойчы прайшла празь пекла ГУЛАГу. Яна згадвае, што нарадзілася ў сям’і псаломшчыка ў вёсцы Касута на Вялейшчыне, і што вёскі гэтай «ужо няма на мапе, яна зьнесеная зь зямлі».

Насамрэч вёска Касута пазначаная на мапе Вялейшчыны і стаіць на той зямлі. У ёй нават захавалася царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла — мураўёўка 1868 г., у якой, відаць, і служыў бацька спадарыні Леанілы — А.В.Барадзін.

Цікава, што ў гэтай царкве быў ахрышчаны яшчэ адзін змагар з саветчынай — Расьціслаў Лапіцкі, пра лёс якога распавёў нядаўна ў сваіх кніжках Міхась Чарняўскі.

Вёска Касута ёсьць месцам нараджэньня Піліпа Орліка зь беларускага шляхецкага роду Навіна, украінскага дзяржаўнага дзеяча, паплечніка Мазепы, пасьля сьмерці якога быў абвешчаны гетманам.

Так і просіцца Касута важным пунктам у патрыятычную вандроўку з умоўным назовам «Змагары і пакутнікі», у маршрут якой можна ўлучыць Вялейку зь яе сумнавядомай турмой, Сэрвач — радавое гняздо Козелаў, актыўных удзельнікаў паўстаньня 1863—64, Куранец з Уладыкамі, дзе захаваліся магілы тых паўстанцаў, Ільлю — у навакольлі якой на пачатку 50‑х змагаўся Філістовіч.

Вячка Васілёнак, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0