У нядзелю ў тэлефоннай размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным канцлер Нямеччыны Ангела Меркель папрасіла яго не спрабаваць дэстабілізаваць Малдову, паведаміў на канферэнцыі ў панядзелак яе памочнік Штэфан Сайберт.

У нядзелю генерал Філіп Брыдлаў, камандуючы сіламі ЗША і НАТА ў Еўропе, папярэджваў, што Расія нарошчвае канцэнтрацыю сваіх войскаў побач з усходняй мяжой Украіны і яны могуць увайсці ў Прыднястроўе. На мінулым тыдні ўлады гэтага рэгіёну афіцыйна звярнуліся да Дзярждумы РФ з прапановай пошуку магчымасці ўваходжання ў склад Расіі.

Таксама Сайберт заявіў, што падчас размовы лідэры Расеі і Нямеччыны падтрымалі рашэнне АБСЕ аб адпраўцы маніторынгавай місіі на Украіну. Ён назваў гэтае рашэнне краін-сябраў АБСЕ, у тым ліку Расіі, Украіны і ЗША, «першым крокам для абароны ад далейшых крокаў». Тым не менш Меркель паўтарыла, што Германія захоўвае сваю пазіцыю і не будзе прызнаваць анэксію Крыма, сказаў Сайберт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?