Хакеісты «Юнацтва» выйшлі ў фінал чэмпіянату краіны.
24 сакавіка ў шостым паўфінальным матчы супраць «Гомеля» мінскі клуб атрымаў перамогу 4:1 (0:0, 3:0, 1:1) і выйграў серыю з лікам 4:2, паведамляе БелаПАН.
Першым фіналістам стаў «Нёман», які абыграў у чатырох матчах жлобінскі «Металург».
У мінулым годзе ў фінале гулялі «Нёман» і «Металург». Гродзенскі клуб выйграў серыю з лікам 4:0.
«Нёман» быў чэмпіёнам краіны ў 1998, 1999, 2001 і 2013 г. «Юнацтва» — шасціразовы чэмпіён краіны (2004, 2005, 2006, 2009, 2010, 2011).
Матчы фінальнай серыі адбудуцца 28, 29 сакавіка, 1, 2 і, калі спатрэбіцца, 4, 6 і 8 красавіка.
Першыя два матчы пройдуць у Гродне.