У 2014 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) павялічыць прыём за кошт студэнтаў, якія вучацца платна, паведаміў рэктар універсітэта Сяргей Абламейка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 сакавіка. 

Паводле яго слоў, прыём на бюджэтную дзённую форму зменіцца нязначна. Плануецца прыняць 2.045 чалавек супраць 2.048 летась, на завочную бюджэтную –– 350 (337 у 2014 годзе). Акрамя таго, на скарочаную форму навучання (бюджэт) прымуць 86 чалавек (70 –– у 2013 годзе). 

На дзённую платную форму навучання, сказаў Абламейка, прымуць 2.723 чалавекі (у 2013 годзе — 2.514), а на завочную — 1.925 (у 2013 годзе — 1.931). 

Такім чынам, на бюджэтную форму навучання сёлета прымуць 2.481 чалавека, а на платную — 4.648 (у 2013 годзе — 2.455 і 4.445 адпаведна). Цяпер у БДУ вучацца 31.019 студэнтаў і магістрантаў, амаль дзве траціны — на платнай аснове. 

Ва ўніверсітэце павялічваецца лік замежных студэнтаў –– 2.620 у 2013 годзе супраць 2.305 у 2012-м. Большасць замежных студэнтаў (53,3%) –– выхадцы з краін СНД, 41,8% — з Азіі, 3,6% — з краін Еўропы, 1% — з Афрыкі. 

Паводле слоў рэктара, за апошнія пяць гадоў у БДУ адкрыта падрыхтоўка па 22 спецыяльнасцях і 33 кірунках, а абнаўленне спецыяльнасцяў склала 30%. Сёлета новыя спецыяльнасці не з'явяцца, але адкрыюцца два новыя кірункі спецыяльнасці «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі» на механіка-матэматычным факультэце: «Вэб-праграмаванне і інтэрнэт тэхналогіі», «Матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных прылад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?