Паводле даследавання, украінцы дэманструюць вельмі высокі ўзровень электаральнай актыўнасці: каля 84 % выбаршчыкаў гатовы ці хутчэй гатовыя прыняць удзел у волевыяўленні.

Амаль чвэрць украінцаў гатовыя падтрымаць народнага дэпутата Украіны Пятра Парашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 25 траўня гэтага года.

Пра гэта сведчаць дадзеныя Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі «Камітэт выбаршчыкаў Украіны», якая сёння прадставіла ў Кіеве вынікі агульнаўкраінскага сацыялагічнага даследавання, праведзенага сіламі чатырох сацыялагічных службаў: Цэнтрам сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў «Соцыс»; Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі; Сацыялагічнай групай «Рэйтынг»; Цэнтрам Разумкова.

Найбольш прыхільнікаў атрымалі: Пятро Парашэнка, Віталь Клічко, Юля Цімашэнка.

Парашэнка мае найбольшую падтрымку сярод кандыдатаў у прэзідэнты — 24,9% (36,2% сярод тых, хто адказаў, што пойдзе на выбарчыя ўчасткі). Другую пазіцыю займае лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко — 8,9% (12,9%), а трэцюю лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка — 8,2% (12,0%). Народнага дэпутата Сяргея Цігіпкі, у сваю чаргу, падтрымліваюць 7,3% (10,0%) выбаршчыкаў, а кандыдатуру экс-губернатара Харкаўшчыны Міхаіла Добкіна — 4,2% (5,3%).

Лідэр камуністаў Пётр Сіманенка можа атрымаць — 3,6% (5,0%), народны дэпутат Алег Ляшко — 3,5% (5,0 %), народны дэпутат Анатоль Грыцэнка — 3,2% (4,6%), лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок — 1,7% (2,5%), лідэр «Правага сектара» Дзмітрый Яраш — 0,9% (1,4%), лідэр Украінскага выбару Віктар Медвядчук — 0,4% (0,7)%.

Каля 20% выбаршчыкаў заяўляюць, што, на дадзены момант, не ведаюць за каго аддаць свой голас, або не пойдуць на выбары. 9,7% гатовыя прагаласаваць «супраць усіх» кандыдатаў.

Акрамя таго, даследаванне паказала, што ўкраінцы дэманструюць цяпер вельмі высокі ўзровень электаральнай актыўнасці, каля 84 % выбаршчыкаў гатовы ці хутчэй гатовыя прыняць удзел у волевыяўленні. Пры гэтым тых, хто супрацьлеглага меркавання, — 11%.

Даследаванне праводзілася з 14 — 19 сакавіка 2014 сярод насельніцтва Украіны ва ўзросце ад 18 гадоў і старэй. Выбарачная сукупнасць: рэпрэзентатыўныя квотная выбарка 6200 рэспандэнтаў (па 1550 рэспандэнтаў для кожнага з сацыялагічных цэнтраў) ва ўсіх рэгіёнах Украіны (без уліку насельніцтва АР Крым). Метад даследавання: асабістае інтэрв'ю згодна з анкетай (face to face) па месцы жыхарства рэспандэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?