Гарадскія новабудоўлі

Гарадскія новабудоўлі

Вулічная ежа

Вулічная ежа

Гарадскі рынак 

Гарадскі рынак 

Смог над горадам

Смог над горадам

Юрый Навуменка, фота Аксаны Якупавай

Юрый Навуменка, фота Аксаны Якупавай

Кітай дагэтуль застаецца адной з самых незвычайных краінаў свету. «Наша Ніва» папрасіла беларускага музыку Юрыя Навуменку, які месяц правёў у Кітаі, расказаць, як і чым жыве Паднябесная.

Гастролі

Я правёў у Кітаі месяц разам з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі — за гэты час мы праехалі ля 20 гарадоў. Арганізаваў тур кітаец, які жыве ў Расіі. Калі мы прыехалі ў Кітай, гэты чалавек унёс карэктывы ў наш спіс твораў для выканання, бо лепей ведаў, што мясцовай публіцы спадабаецца. У выніку мы гралі некалькі твораў Штраўса, урыўкі з «Лебядзінага возера», а таксама кітайскія творы — «Наша армія», «Вясёлы салдат», такія сабе патрытычныя хіты. Але апафеозам кожнага вечара была песня «Лотас у ставочку» —гэта агульнакітайскі хіт, які ведае кожны.

Галоўны кітайскі хіт.

Правінцыя

У асноўным мы выступалі ў правінцыйных гарадах, аднак у выпадку Кітая — гэта горад ад мільёна і вышэй. Было такое адчуванне, што некаторыя шэрагі займалі выключна супрацоўнікі кампартыі. У правінцыі ўсім было надзвычай цікава — як высветлілася, некаторыя з гледачоў упершыню ў жыцці бачылі сімфанічны аркестр.

Найчасцей выступалі ў кінатэатрах — вось цікава, у Кітаі нам амаль не сустракаліся памяшканні з ацяпленнем, у залах было надзвычай холадна, і награвалі іх пры дапамозе вялікіх кандыцыянераў. Да таго ж падлога на большасці пляцовак — з бетону.

Дарэчы, у маіх пекінскіх сяброў падлога каменная, і гэта лічыцца плюсам — дапамагае ў спёку летам. Звычайнага ацяплення ў кітайскай правінцыі мы не бачылі, звыклыя батарэі мы бачылі толькі ў Пекіне.

Перад пачаткам канцэртаў і ў антракце была неймаверная колькасць рэкламы: алкаголь, аўтамабілі ці проста нават ролікі пра светлую будучыню краіны. Культура праслухоўвання зусім іншая: у правінцыйных гарадах амаль усе гледачы прыходзілі з ссабойкамі, елі ўвесь час, размаўлялі па мабільніках, што для нас было нязвыкла. Пасля канцэрта імкнуліся сфатаграфавацца з аркестрантамі, смецця ў залах заставалася шмат.

Кітай і камунікабельнасць

У Кітаі я сустрэў свайго сябра, француза Давіда, які шмат гадоў пражыў ва Украіне, Венгрыі, а вось цяпер жыве ў Пекіне, выкладае ва ўніверсітэце французскую мову. Зарабляе ён, дарэчы, больш чым у Еўропе — у Кітаі вельмі цэняцца еўрапейскія выкладчыкі.

Па ягоных словах, кітайцы надзвычай камунікабельныя, аднак трымаюць адзін аднаго на адлегласці. Напрыклад, калі я прыехаў у Пекін, Давід мусіў святкаваць сканчэнне сезона разам з бейсбольнай зборнай, у якой гуляе, папрасіў у трэнера дазвол запрасіць мяне. Той адмовіў. Нічога сакрэтнага на сустрэчы не было — проста бейсбольная зборная адпачывала ў адным з мясцовых бараў. Увогуле, у кітайцаў не прынята праводзіць час з сябрамі, абсалютная большасць адразу пасля працы адпраўляецца дадому.

Аднак мушу заўважыць, што кітайцы надзвычай ветлівыя і заўсёды імкнуцца табе дапамагчы, вельмі добразычлівыя людзі.

Мао Цзэдун

Мао ў Кітаі дагэтуль паўсюль — ягоныя выявы сталі своеасаблівай фішкай, яго можна ўспрымаць як брэнд, кітайцы гэтым актыўна карыстаюцца. Выявы былога правадыра вы ўбачыце паўсюль. Ён стаў мясцовай экзотыкай, як Ленін у Беларусі.

Культ працы

Працуюць з ранку і да вечара, любы горад нагадвае мурашнік да 22­й гадзіны. Да культу працы дадаецца іншы — культ сям’і. Там прынята пасля працоўнага дня адразу ісці дадому, быць з сям’ёй. Пры гэтым праца можа не спыняцца нават ноччу — у Пекіне можна пачуць, як сярод ночы працуюць адбойнымі малаткамі на якой-­небудзь будоўлі. Раней у Кітаі ўвогуле не было выхадных, і калі еўрапейцы здзіўляліся, то кітайцы казалі: «А навошта?»

Вось цікавы факт: два-­тры тыдні на год тэмпература на вуліцы ўздымаецца вышэй за 40 градусаў, аднак па тэлевізары будуць паведамляць, што тэмпература трымаецца на ўзроўні +39, бо калі яна ўздымецца да +40, давя­дзецца спыняць вытворчасць, таму афіцыйна 40 градусаў там не бывае. Калі кітайцы дзе і адпачываюць, то гэта караоке­-бары — такія вялікія забаўляльныя цэнтры са стрыптызам, алкаголем і іншымі рэчамі.

Экалогія

З экалогіяй у Кітаі вялікія праблемы — знакаміты смог над горадам не легенда: аднойчы нас папярэдзілі — надвор’е дрэннае, аранжавы ўзровень небяспекі. Гэта значыць, што смог не рассейваецца і варта надзяваць марлевую павязку, без яе адчуваеш дыскамфорт, дыхаць становіцца цяжка. Дарэчы, калі едзеш аўтобусам праз краіну, кідаецца ў вочы, што нават у стэпах нідзе няма ніводнага «дзікага» кавалачка, уся зямля апрацоўваецца. А калі сустракаецца лес — ён расце роўным радком, нават дзіўна. Пасля нам растлумачылі, што гэта спецыяльна пасажаныя дрэвы, каб хоць трошкі падраўняць экалогію.

Сельскія могілкі

Калі едзеш у аўтобусе, часам на вочы трапляюцца маленькія курганочкі сярод раллі. Ён можа быць адзін, можа быць два­-тры. Высветлілася, што гэта мясцовая традыцыя пахавання. У Кітаі пахаванне — гэта надзвычай дорага. Па некаторых звестках, пахаванне тут абыходзіцца ў $1200. Дарэчы, звыклыя могілкі мы, праехаўшы вялікую частку краіны, бачылі толькі адзін раз.

Еўрапейская культура

Вось мы там еўрапейскай культурай і былі — еўрапейскі аркестр, які грае класіку. Дарэчы, «Блакітны Дунай» наш імпрэсарыа забракаваў, сказаў, што надта манатонны.

У правінцыі з еўрапейскай культурай цяжка. У сталіцах ёсць «еўрапізаваныя» бары ў стылістыцы 60­х гадоў, з назвамі кшталту School­Bar. Туды прыходзіць крэатыўная моладзь, слухае музыку.

Гандаль

У Кітаі ёсць цэлая індустрыя турызму — будуецца на адмысловай праграме, разлічанай на еўрапейцаў. Напрыклад, мы едзем у маўзалей Мао і імператарскі палац. Пасля — чайная цырымонія. Пад’ехалі да чайнай крамы, а адтуль ужо папярэдняя група спускаецца.

Я разбіраюся ў гарбаце, таму ведаў, што пасля цырымоніі яе прадаюць па завышаных цэнах. Але нашыя турысты купляюць. Пасля бачаць розніцу.

Наступны пункт — шоўк, спецыялізаваная крама. Нашыя кажуць, пасля гарбаты мы ўжо вучоныя, аднак у пэўны момант пачынаюць купляць бялізну і падушкі, якія каштуюць у іншым месцы ў чатыры разы танней. Пасля тыя самыя падушкі нам паспрабавала прадаць усё тая ж дзяўчына з крамы, толькі прыйшла ў аўтобус, і цэны былі зусім іншыя. 

Брэнды і падробкі

Нашыя аркестранты набылі на рынку гадзіннік «Ролекс» за 10 юаняў — гэта трохі меней за два даляры. На пытанне «А ён сапраўдны?» прадавец адказваў:«Сапраўдны». «А чаму стрэлка не працуе?» Высвятляецца, што такіх «Ролексаў» у яго поўная кішэня. Дарэчы, цікава: у Кітаі ўсе ходзяць у «брэндавым» адзенні, кшталту Gucci, хоць усе ведаюць, што яно не сапраўднае — мне падаецца, гэта такі момант удзелу ў заходняй цывілізацыі. Дарэчы, тыя самыя крамы з гарбатай маюць відавочнае адрозненне — ёсць крамы для бяднейшых, ёсць для багатых людзей, дзе «колца» гарбаты 300 грамаў каштуе 1 300 даляраў. Адрозніць іх лёгка — дарагія крамы аздобленыя, у іх на ўваходзе будзе папугай, які з вамі павітаецца, і грае жывая музыка.

Калектыўны адпачынак

Што яшчэ ўразіла — калектыўны адпачынак. У індустрыяльных гарадах у парках збіраецца шмат пенсіянераў, гуляюць у нарды, у даміно, запускаюць паветранага змея: уявіце, дзядуля запускае паветранага змея паміж 20­-павярховікамі. Ці збіраюцца бабулькі разам і спяваюць песні пад акампанемент народных інструментаў ці сінхронна робяць гімнастыку — у нас такога, на вялікі жаль, няма. У гіпермаркетах папулярныя кніжныя аддзелы — людзі проста садзяцца там і чытаюць, і такіх людзей адразу дзесяць чалавек.

Што трэба памятаць?

Хіба што пра экалогію — з ёй там цяжка. Увогуле, Кітай — надзвычай цікавая краіна, з унікальнай культурай, і зараз ён адкрыты для турыстаў, хай і не танны. Яшчэ пра што лепей памятаць: не вельмі добра ў кітайцаў з англійскай мовай, але людзі яны адкрытыя і заўжды паспрабуюць вам дапамагчы.

Юрый Навуменка беларускі кантрабасіст, нарадзіўся ў Мазыры ў 1980­м. Грае ў шэрагу беларускіх аркестраў, у тым ліку выступаў з Эніа Марыконэ ў складзе прэзідэнцкага аркестра. Удзельнік гуртоў «Нагуаль», «Маланка­Orchestra» і Big Daddy Blues, выкладчык музыкі.

У складзе гурта «Нагуаль»

Віза

каштуе ад $90. Пералёт ад Мінска да Пекіна і назад каштуе каля 500—700 еўра. З Варшавы ці Масквы можна знайсці акцыю за 200—300 еўра.

Колькасць працоўных гадзін — 40

Афіцыйна працоўны дзень складае пяць дзён, як і ў Еўропе. Але ў рэчаіснасці сярэдні кітаец працуе нашмат больш. Сярэдні заробак афіцыйна складае $620, аднак, да прыкладу, сельская гаспадарка, у якой занятая большая частка насельніцтва, не мае заробку, а жыве на ўласны даход. Заробак рабочых моцна вар’іруецца ад правінцыі да правінцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?