Грамадзяне свету, ваш свет бяздонны,
Неабсяжны і пругкі. Але вось лопаецца ён
У пальцах вашых ягадкай беладонны,
Якая складае сама па сабе рацыён,
Бо думаючы пра Рым, праязджаючы скрозь Ашмяны,
Песцячы ў сабе акіян на беразе млявай ракі —
Усё па даведніку: І шчокі вашы румяны
І губы чырвоныя, і зрэнкі заўжды шыракі.
Пойце ж пра вольную Вільню, але спярша вы
Спойце пра Вену ў венах, няхай да пары,
Покуль сэрца сваё, вынуўшы з сэрца Варшавы,
Не нанізаеце на шпіль Нотр-Дам дэ Пары.
А я і пішу як курыца лапай, і розум курыны,
Хоць і ўсё ведае, ведае, ведае. Але
Нідзе не прыжыцца дзецям праспекта Скарыны.
Вось пашпартны стол, а той, хто сядзіць пры стале,
Разумее, што мы крыху пашпартызаваны.
І ў дзвюх мовах пашпарта сэнс, бясспрэчна, двайны:
Як бы ні звалі нас — нас назавуць «Іваны».
І будуць Іваны сябе ж ратаваць ад вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?