У Полацку і Наваполацку стартавала акцыя «Разам — у абарону жыцця». З 27 сакавіка па 3 красавіка ў гарадскіх бальніцах, радзільных дамах і жаночых кансультацыях медыцынскія работнікі адмовяцца ад правядзення штучнага перарывання цяжарнасці. 

У межах тыдня супраць абортаў у Полацку і Наваполацку пройдуць агульнашкольныя бацькоўскія сходы, на адкрытых пляцоўках гарадоў адбудуцца вулічныя акцыі па раздачы буклетаў у абарону жыцця, будзе арганізавана сацыяльная рэклама па прафілактыцы абортаў і прапагандзе сямейных каштоўнасцяў.

Пройдуць майстар-класы па навучанні валанцёраў прапагандзе сямейных каштоўнасцяў і прафілактыцы залежнасцяў, літаратурна-музычная гасцёўня з удзелам літаратараў, мастакоў і музыкантаў рэгіёну, прысвечаная тэмам сям'і, мацярынства і абароны жыцця, прэзентацыі тэматычных адукацыйных праектаў. 

27 сакавіка ў радзільным доме Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы прайшоў форум «Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці як аснова нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі Беларусі», а 28 сакавіка ў лекцыйнай зале Наваполацка адбудзецца навукова-практычны семінар «Роля медыцыны і акушэраў-гінеколагаў у вырашэнні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі ва ўмовах XXI стагоддзя» і майстар-класы па кансультаванні жанчын у сітуацыях крызіснай цяжарнасці.

Як паведамляюць арганізатары, акцыя праводзіцца ў межах рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады і зацверджана мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі Паўлам, міністрам аховы здароўя Васілём Жарко і старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?