У цэнтры ўвагі другой веснавой дыскусіі цыклу «Культура паляпшае жыццё» ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» быў кожны з нас — і той, хто мае патрэбу ў дапамозе, і той, хто здольны дапамагчы.

Дабрачыннасць можа многае сказаць пра грамадства — пра ягоную сталасць, мараль, эканамічны дабрабыт і, вядома, узровень адказнасці. Гэтая думка не раз гучала падчас афлайнавага ток-шоу ў прасторы «Цэх». Уменне дапамагаць — частка нашай культуры, але ці была культура дабрачыннасці традыцыяй? Каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская ў гэтым не сумняецца:

«Мы ведаем, што талака — старадаўні беларускі звычай, калі ўся вёска ці мястэчка выходзіла, і людзі разам вырашалі нейкае пытанне, будавалі царкву, мост, хату. Гэта наш прынцып самаарганізацыі і ўзаемадапамогі. Беларуская шляхта не толькі будавала палацы, але і цэрквы, ашчаджала грошы на бальніцы. Так што гэта сапраўды нашая традыцыя, якая была перарваная і якую неабходна адраджаць».

У любым выпадку статыстыка гаворыць сама за сябе: Беларусь — 93-я па ўзроўні дабрачыннасці ў свеце.

Мадэратар дыскусіі, эксперт у галіне маркетынгу і камунікацый, сузаснавальніца праекта dzietki.org Крысціна Вітушка, пачала з вызначэння тэрміну «дабрачыннасць», якая адрозніваецца ад філантропіі тым, што не прадугледжвае рацыянальнага падыходу, падлікаў, гэта «покліч душы»: «Філантропія ж — гэта калі на нейкую справу аддаюцца вызначаныя сродкі. Паняцце філантропіі на нашых тэрыторыях з'явілася недзе ў ХІХ стагоддзі, калі лекары, настаўнікі, адвакаты, якія добра зараблялі, частку свайго заробку выдаткоўвалі, каб развіваць бясплатныя школы і шпіталі, адвакаты маглі бясплатна кансультаваць бедных людзей».

Скрыні для ахвяраванняў — крымінальнае злачынства?

Пра тое, як акрэсліваецца панятак «дабрачыннасць» у нашым заканадаўстве, расказаў юрыст і палітолаг Юрый Чавусаў:

«У беларускім праве сам тэрмін «дабрачыннасць» ужываецца, але вызначэння, што ёсць дабрачыннай дзейнасцю, нашае заканадаўства не мае. Паўстаюць спрэчкі, асабліва што да пэўных ільготаў. Вызначэнне магло з'явіцца ў 2002 годзе, калі была спроба прыняць закон «Аб дабрачыннай дзейнасці і дабрачынных арганізацыях». Але на стадыі падпісання прэзідэнтам закон быў вернуты ў парламент. Можна толькі гадаць, якія на тое былі прычыны, але нашая краіна ў параўнанні, напрыклад, з Расіяй, з Казахстанам, Украінай мае менш развітое заканадаўства ў гэтай сферы. Таму часам узнікаюць складанасці пры ўвозе на тэрыторыю Мытнага саюза тавараў дабрачыннай дзейнасці. З іншага боку, ці кепска, што ў нас няма закона пра дабрачынную дзейнасць? Я прытрымліваюся філасофска-нігілістычнага погляду пра тое, што любы закон, прыняты для рэгулявання пэўнай дзейнасці, яе абмяжоўвае, рэгламентуе. Таму магчыма, што адсутнасць асобнага закона — не так і дрэнна. У нас ёсць сумнавядомы ўказ аб спонсарскай дапамозе, дзе ёсць пералік мэтаў, для якіх гэтая дапамога можа аказвацца. Калі, напрыклад, кампанія хоча фінансаваць фестываль балета, то не факт, што яна зможа гэта рабіць згодна з указам. Але я б адзначыў вельмі важную і вельмі балючую праблему — ананімныя ахвяраванні, якія ў беларускім заканадаўстве адносяцца да замежных. Вельмі складаны парадак, як гэтыя ахвяраванні вызваляць ад падаткаў. Ясна, што многія кампаніі збіраюць такія ананімныя ахвяраванні — напрыклад, шматлікія скрыні, якія стаяць у крамах. Патэнцыйна гэта можа быць разгледжана як парушэнне, якое з 2001 года з'яўляецца крымінальным злачынствам. Сітуацыя вельмі дзіўная: рэальна выпадкаў крымінальных прысудаў пакуль не было. Але сама норма дазваляе любую арганізацыю, якая выкарыстоўвае гэтыя скрыні для ахвяраванняў, прыцягнуць за парушэнне заканадаўства. Ёсць шмат варыянтаў гэтыя праблемы абысці, мы спрабуем у гэтым дапамагаць».

«Ірландцы такія ж, як мы, толькі маюць трохі больш»

Фонд «Добра тут» — прадстаўніцтва ірландскай арганізацыі, якая дапамагае інтэрнатам для дарослых і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Алена Марцьянава, супрацоўніца фонду «Добра тут», мастачка: «Нашым людзям цяжэй ахвяраваць вялікаму дому-інтэрнату, у якім жыве каля 300 чалавек, чым аддаць грошы на нейкае разавае мерапрыемства. Але ўвогуле беларусы схільныя дапамагаць. На жаль, часцей усё ж дзіцячым дамам, бо ў дарослыя псіханеўралагічныя інтэрнаты прыязджаць цяжка, таму ахвочых паехаць у такі дом з канцэртам не так шмат. Але ўвогуле ў плане дабрыні паміж намі і ірландцамі розніцы няма, проста яны маюць трохі больш».

Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

«Дабрачыннасць — гэта вялізныя рэсурсы, разам з замежнай дапамогай гэта дзясяткі, а то і сотні мільёнаў даляраў у год. Пытанне ў тым, што ў грамадстве інфармацыйна закрытым складана кантраляваць і разумець, што адбываецца з гэтымі грашыма. Сапраўды рэдкія фонды, якія ёсць у Беларусі, падпадаюць пад дзеянне стэрэатыпу, маўляў, зарабляюць на чужой бядзе. Мы захраслі амаль што ў каменным веку са станам дабрачыннасці. Нашае грамадства і дзяржава ніяк не хочуць зразумець, што дабрачыннасць — сур'ёзны і важны бок жыцця, і калі гэта парушана, то пачынаецца дэфармацыя».

Дар’я Слабчанка, абаронца правоў жывёл: «У маладым узросце я трапіла ў Канаду, і першае ўражанне — колькі людзей было на вуліцы, скажам, у вазочках. У супермаркетах было шмат нянечак, якія прыходзілі з хворымі дзеткамі. Спачатку падавалася, што з грамадствам нешта не так, таму што колькасць гэтых людзей уражвала. Потым разумееш, што гэта з тваім грамадствам нешта не так. У нас ва ўніверсітэт прасцей паступіць без мазгоў, чым без ног.

Што датычыць дапамогі жывёлам, то ў Беларусі ўсе любяць раіць, каму трэба дапамагаць. Калі чуюць, што мы дапамагаем жывёлам, то адразу кажуць, што лепш бы дзецям далі, хаця зразумела, што мы дапамагаем і дзецям таксама. Цяпер тэма дапамогі жывёлам стала модная і нават надакучыла, таму трэба шукаць нейкія новыя спосабы падачы інфармацыі. Бо людзі ўжо звяртаюць больш увагі на нешта новае, надзвычайнае, а дапамога дзецям ці жывёлам ужо не заўсёды заўважаецца».

 

Дабрачыннасць без болю

Дабрачыннасць не заўжды вымагае думак пра бяду ці хваробу, паездак у дзіцячыя дамы, судакранання з чужой бядой. Часам гэта нешта абсалютна процілеглае — вечарынка пад музыку ўлюбёнага гурта альбо вячэра з сімпатычнай незнаёмкай.

Пра сацыяльнае прадпрымальніцтва, якое часам дазваляе ахвяраваць, не ўдаючыся ў балючыя падрабязнасці, расказаў Алег Жаркоўскі з дабрачыннага аўкцыёну «МаеСэнс». На сайце аўкцыёну можна прапанаваць у якасці лота сустрэчу з сабой. За 2,5 года, пакуль існуе сайт, наведнікі ахвяравалі два з паловай мільярда.

Леся, заснавальніца чэрыці-шопа KaliLaska, таксама адзначыла сучасныя тэндэнцыі да сацыяльнага прадпрымальніцтва, якое заклікае дзяліцца — і неабавязкова грашыма. У прыгожую крамку KaliLaska, дзе часта бываюць і дабрачынныя канцэрты, можна прыносіць адзенне, што перададуць людзям, якім яно патрабуецца — у тым ліку і ў псіханеўралагічны дыспансер у Тарасіках. «Там катастрафічнае становішча — 270 чалавек, у якіх нават няма куртак. Яны ходзяць зімой у вятроўках. Людзі, якія нам прыносяць рэчы, часам не ўпэўненыя, ці спатрэбяцца яны камусьці, можа, лепш на дачы няхай ляжаць. А рэчы сапраўды вельмі патрэбныя. Ёсць тысячы магчымасцяў дзяліцца нечым, і абсалютна не трэба быць вельмі багатым. Галоўнае жаданне».

Дыскусія, у якой вельмі ахвотна ўдзельнічалі гледачы з залы, закранала яшчэ многія пытанні — як рэкламаваць дабрачыннасць, які павінен быць удзел дзяржавы, а таксама ці можна піярыцца на дапамозе? Наконт апошняга меркаванняў было некалькі, але большасць пагадзілася: піярыцца на дабрачыннасці можна, а часам нават і трэба, бо гэта самы карысны для грамадства піяр з усіх магчымых. Нам бракуе добрых прыкладаў: хто што зрабіў і як свет вакол нас дзякуючы гэтаму мяняецца да лепшага. Адпаведна, давайце працаваць на тое, каб добрыя прыклады былі бачныя! Бачныя цікава і якасна. І давайце вучыцца ўспрымаць такія прыклады не як «паразітаванне» кампаній на сацыяльных праблемах, а як нагоду задумацца: а што я зрабіў дзеля таго, каб дапамагчы камусьці?

Культура дабрачыннасці ў беларусаў мае ўжо пэўны «фундамент»: нельга сказаць, што мы не дапамагаем, бо, відавочна ж, дапамагаем. Але і прастора для яе развіцця, і неабходнасць не выклікае сумневаў. Культура дабрачыннасці ёсць крытэрам адказнасці за жыццё і дабрабыт не толькі свае, але ўсяго, што навокал. Адказнасць адно за аднаго ёсць асновай для згуртаванасці нас як супольнасці, што для Беларусі сёння не пусты гук. Мы жывем інтарэсамі сваіх маленькіх колаў, адарваныя адно ад аднаго — ад блізкіх не толькі па «тутэйшасці», але і па каштоўнасцях, ментальнасці, патрэбах, крыві. А гэта няправільна. Бо мы — узаемазвязаныя, узаемазалежныя і, калі на тое пайшло, узаемамоцныя. Важна помніць пра гэта не толькі падчас экстрэмальных сітуацый! Нашмат больш складана — але і важна — праяўляць сваю чалавечнасць у нашым штодзённым, «стабільным» жыцці. Якраз здольнасць маленькімі крокамі, маленькімі ўчынкамі самастойна выходзіць за межы сваёй зоны камфорту вызначае нашую чалавечую годнасць.

Культура дабрачыннасці пачынаецца са стаўлення і дзеяння кожнага з нас!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?