Ekaterina.B

Ekaterina.B

Штогод 27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. У Беларусі да гэтай даты прымеркавана Цырымонія ўручэння штогадовай тэатральнай прэміі «Крыштальная Паўлінка». Mojazarplata.by даведалася, наколькі артысты тэатра задаволеныя сваёй працай і заробкам.

Сярэдні заробак артыста тэатра ў Беларусі з афіцыйных і незалежных крыніц

Паводле звестак Белстата, у лютым 2014 сярэдняя зарплата работнікаў, занятых дзейнасцю па арганізацыі адпачынку і забаў, культуры і спорту склала 4.244.693 рубля, што на 1.144.500 рублёў менш за сярэдні паказчык па краіне. А па афіцыйных дадзеных, напрыклад, сярэдняя зарплата тэатральных работнікаў на 10-15% вышэйшая за прыбыткі ў ахове здароўя і адукацыі, але пры гэтым больш як на 50% ніжэйшая за заробкі ў будаўніцтве або фінансавай дзейнасці.

Па дадзеных Калькулятара заробкаў Mojazarplata.by, акцёр тэатра і кіно са стажам 15 гадоў у сярэднім зарабляе каля 3.800.000 рублёў. Дадзеныя разлічаныя метадам медыяны на падставе 13972 анкет рэспандэнтаў адпаведнай прафесійнай групы.

Зарплата артыстаў тэатра з разліковых лісткоў

У пачатку сакавіка 2014 г актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Настасся Шпакоўская апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook разліковы ліст за люты 2014 года. Лічба ў ім фактычна супадае з дадзенымі Калькулятара заробкаў Mojazarplata.by. Налічаная зарплата артыста вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі склала 3.736.667 рублёў, а пры выдачы на рукі — 3.411.700.

Самыя высокія зарплаты артыстаў, відаць, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. У верасні 2013 Юрый Траян, харэограф і мастацкі кіраўнік трупы, агучыў сярэдні заробак артыстаў у Вялікім тэатры — 5.400.000 рублёў.

Менш за ўсё зарабляюць артысты правінцыйных тэатраў Беларусі. Пра гэта ў кастрычніку 2013 распавёў Аляксандр Пашкевіч, вядучы майстар сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне:

«Тэатр ніколі не быў месцам, дзе можна зарабіць. Зараз, напрыклад, вядучы майстар сцэны з велізарным стажам атрымлівае каля 3 мільёнаў рублёў у месяц пры 7-гадзінным працоўным дні. Калі казаць пра маладых акцёраў, то дзеліце гэтую суму як мінімум на два. На гэтыя грошы, зразумелая справа, сёння не пражывеш, таму практычна ў кожнага ёсць падпрацоўка».

Наколькі артысты тэатра задаволены сваёй працай і заробкам

Па дадзеных Калькулятара заробкаў Mojazarplata.by большасць акцёраў тэатра і кіно задаволеныя сваёй працай, але незадаволеныя заробкам.

Як відаць з табліцы, 36% акцёраў тэатра і кіно, якія прынялі ўдзел у анкетаванні, адзначылі, што яны задаволеныя, а 23%, што вельмі задаволеныя сваёй працай. Пры гэтым адсотак «задаволеных» і «вельмі задаволеных» сваім заробкам істотна адрозніваецца — 9 і 5%, адпаведна.

А ці задаволеныя вы сваім заробкам? Скарыстайцеся Калькулятарам заробкаў і даведайцеся, наколькі вашы калегі задаволеныя працай і заробкам. Удзельнічайце ў анлайн-анкетаванні і зрабіце Калькулятар яшчэ больш дакладным і пэўным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?