Міхаіл застаўся без рукі.
Як паведаміла Кацярына Маёрава, яе 19-гадовы брат Міхаіл пераведзены з рэанімацыі ў палату траўматалогіі. Хлопцу ампутавалі левую руку. У палаце ён знаходзіцца разам з 20-гадовым Дзмітрыем — яны разам трапілі ў бальніцу пасля аварыі.
«Фізічна і маральна Міша нармалізуецца. Нават нас спрабуе суцяшаць, маўляў, жыццё працягваецца. Дзіму чакае трэцяя аперацыя на ногі. Хадзіць ён будзе, але давядзецца гэтаму нанова вучыцца»,
— сказала Кацярына.
Родныя Мішы цяпер збіраюць грошы на рэабілітацыю і пратэз для яго. Для гэтага стварылі дабрачынныя рахункі ў «Беларусбанку» і просяць дапамогі.
Нагадаем, аварыя адбылася 19 сакавіка на аўтобусным прыпынку. П’яны кіроўца на «Крайслеры» ўрэзаўся ў натоўп людзей. Тры мужчыны загінулі, яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў бальніцы. Кіроўцу прад’явілі абвінавачванне ў парушэнні ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць. Яму пагражае жа 7 гадоў калоніі (пра падрабязнасці аварыі чытайце ў свежым нумары «НН»)
«На падставе атрыманых дадзеных падазраванымі па крымінальнай справе прызнаныя пасажыры транспартнага сродку, 1986 і 1985 гадоў нараджэння, якія сумесна з кіроўцам ужывалі спіртное непасрэдна перад трагедыяй. Іх дзеянні кваліфікаваныя як свядомае пакіданне без дапамогі асобаў, якія знаходзяцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане»,
— раней паведаміла прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава. Кіроўца таксама падазраецца ў пакіданні ў небяспецы.