Сябра Партыі рэгіёнаў Ганна Герман мяркуе, што няма ніякай неабходнасці праводзіць рэферэндум, да якога заклікае адхілены прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Пра гэта яна заявіла «Радыё Весці», каментуючы зварот ад імя Віктара Януковіча, распаўсюджаны ў расійскіх СМІ, перадае прэс-служба ПР.

«Я хачу нагадаць Віктару Фёдаравічу, што ўсе рэгіёны і так у складзе Украіны, і я не разумею, навошта нам рэферэндум. У нас няма ні неабходнасці, ні магчымасці марнаваць грошы на рэферэндумы.

Украіна — бедная краіна, і Віктар Фёдаравіч ведае, чаму», — сказала палітык.

«Я думаю, што Віктар Фёдаравіч, напэўна, вельмі хацеў сказаць дзякуй сваім паплечнікам за шматгадовую сумесную працу. Ён хацеў папрасіць прабачэння ў сваіх калегаў за тое, што пакінуў нас і не сказаў, як нам быць і што рабіць далей», — дадала Герман.

«Я спадзяюся, што людзі, якія былі шараговымі членамі партыі і шчыра верылі ў тое, што ім казалі, зробяць правільную выснову. А з нагоды просьбы выйсці з шэрагаў партыі, то з'езд напэўна пагодзіцца з гэтым», — заявіла Герман.

Яна таксама пракаментавала словы Януковіча пра тое, што ён душой і ў думках з украінцамі. «Я ўспомніла рыцарскі дэвіз: «Душа — Богу, гонар — дзяржаве». Яго можна перафразаваць у гэтым выпадку так: «Душа — Богу, грошы — дзяржаве», — сказала Герман.

«Калі б Віктар Фёдаравіч мог у гэтым дапамагчы Украіне, тады можна было б пагаварыць і пра душу», — сказала Герман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?