Нядаўнія падзеі ў Кіеве і Крыме сталі нагодай для Аляксандра Лукашэнкі ўзгадаць беларускую Плошчу 2010 года. Нагадаем, тады ў Мінску некалькі дзясяткаў тысяч дэманстрантаў у Мінску пратэставалі супраць фальшавання выбараў і запатрабавалі сыходу Лукашэнкі. Пратэсты былі жорстка разагнаныя, прынамсі 698 чалавек атрымалі адміністратыўныя, а 50 — крымінальныя тэрміны. Яшчэ сотні былі збітыя, прайшлі допыты, страцілі працу.

Увечары 28 сакавіка Першы нацыянальны канал Украіны паказаў амаль двухгадзіннае інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі Савіку Шустэру для перадачы «Шустэр LIVE». Кіраўнік Беларусі выказаў сваю пазіцыю адносна падзеяў ва Украіне, на Майдане, пра захоп Кіева Расіяй і сярод іншага ўзгадаў «беларускі майдан». У інтэрв'ю Лукашэнка, аднак, настойваў на старой версіі падзей у 2010. Вось што ён сказаў:

«Ну ведаеце, гэта на экране так паказваюць. Гэта ўсё і мы праходзілі ў 2010 годзе. «Правы сектар» да нас прыязджаў, тады ён па-іншаму называўся. Яны ў 2006 годзе спрабавалі машыны ў нас перакуляць і г.д. [відаць, маецца на ўвазе прыезд УНА-УНСО ў 1996]. Не скажу, што мы замоцна прыводзілі ў пацуцці, але прывялі ў 2006 годзе».

«У 2010 годзе, падаецца, так элегантна абышліся. Тых, хто ламаў, крушыў, тых пакінулі. Чалавек 6 накіравалі ў камеры. Але гэта было знята украінскім тэлебачаннем, расійскім, CNN, BBC і іншыя. Мы ў журналістаў папрасілі ў двухкоссі стужачкі іх усе ў гэты момант. І раніцой ім вярнулі, капіравалі іх. А потым у судзе паказалі. Калі нас пачалі з Захаду душыць — вось Лукашэнка, дыктатура і іншае — не, вось, паглядзіце, гэта не нашае тэлебачанне, гэта вы здымалі. Вось лом, вось заточка, вось рыдлёўкі, вось ламаюць дзверы, вось твары — усё ж было! І толькі тыя, хто арганізаваў і ламаў, непасрэдна, яны апынуліся ў камерах. Выпусцілі, засталося два ці тры чалавекі, за што нас цяробіць Захад, што гэта палітзняволеныя».

«Зараз наш народ кажа так: вось, калі б Лукашэнка зрабіў, як Януковіч, то ў нас было б зараз гэта. Ну а спецслужбы нашыя зафіксавалі: ведаеце, адкуль кіравалі нашым Майданам? З Кіева. Наўпрост да таго, што канкрэтным людзям: «Ну чо, мы тут у Доме ўрада, — ён кажа, — вось ламаем дзверы». — «Дык заходзь, сядай у крэсла прэм’ер-міністра і пачынай камандаваць». Мне потым перадавалі гэтыя размовы, я дагэтуль памятаю: канкрэтнаму чалавеку. А ён стаіць: «Дык як заходзь, страшнавата». — «Як страшнавата, заходзь, заўтра ранкам разбярэмся».

«Ну мы ціхенька галаву гэтую адрэзалі, разявакі разбегліся. Іх было чалавек чатыраста, напэўна, тых, якія каля дзвярэй Дома ўрада апынуліся, там жа ў форме «П» будынак. І пачалі іх сарціраваць. Выпусцілі чалавек 300 адразу, хто разявакамі быў, хто прыхільнікамі, але яны не ламалі і не білі. А сто з нечым чалавек адвезлі ў размеркавальнік. За ноч чалавек 50 выпусцілі, 50 засталося. Агулам у суд патрапіла чалавек 20, напэўна [агульная колькасць асуджаных судамі тады склала, прынамсі, 698 чалавек — НН]. Нікому галаву не праламілі, слезацечны газ на выкарыстоўвалі, вадамёты не выкарыстоўвалі, ніякіх кактэйляў Молатава не было. Як патрэбна зрабілі амапаўцы. Я непасрэдна кіраваў гэтым працэсам. Ніякая ні Расія, ніякія ні адміралы, ні генералы. Асабліва ў цэнтры. Я ўсё гэта бачыў, там дзясяткі камер на гэтай плошчы — рэжымны ж будынак. Я бачыў усё, што адбывалася».

«Я адразу сказаў: калі будуць пляваць у твар міліцыі, амапу, салдатам, не дай бог руку падымуць – імгненная рэакцыя адэкватная. Ніхто не пляваў, плюнуў – па мордзе атрымаў. Некалькі чалавек, мне потым даклалі, атрымалі. Ты не маеш права дакранацца да прадстаўніка ўлады».

«А хто кіраваў з Кіева, я дакладна не ведаю. Але і ў нас такія атрады рыхтаваліся, пад Брэстам, у Польшчы і ў Заходняй Украіне. Мы іх хутка выкінулі. У КДБ дагэтуль кадры ляжаць, гэта ўсё фіксавалі. Але гэта было непрымальна для нас і мы іх павыкідывалі. Яны рыхтаваліся там. І пасля таго, як мы ім мардасам ў 2006 годзе надавалі (яны толькі-толькі там нараджаліся, украінцы іх вучылі), яны, канечне, зуб на мяне трымалі, але паважалі. Казалі: «Так, па мордзе ад бацькі атрымалі, але па заслугах. Ён адкрыта да нас выйшаў і па мордзе нам надаваў». І да 2010 года рыхтаваліся і ў 2010-м атрымалі, але там ужо нашыя наперадзе ішлі. У нас іх 400 чалавек у краіне, мы іх усіх ведаем пайменна, апазіцыянераў ярых. Баевікоў — ну я не ведаю… Яны так дзейнічалі, баюся сказаць, напэўна такіх і няма. У нас не такія адмарозкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?