Незалежна ад таго, японскую ці мэксыканскую мадэль палітычнай сыстэмы выбралі для сябе пуцінцы, Масква ня зьменіць сваёй палітыкі ў Беларусі. Беларускаму васалу можна плаціць менш, але так, каб не дапусьціць крызіснага ўзроўню.

Імкнуцца прадбачыць разьвіцьцё палітычных працэсаў — амаль тое самае, як даваць прагнозы надвор’я. Ва ўмовах дынамічнай рэчаіснасьці ўсё можа зьмяніцца. Аднак, калі з часам адбываюцца падзеі, зьвязаныя лёгікай, імавернасьць палітычных прагнозаў павялічваецца. Праглядаюцца тэндэнцыі.

13 верасьня 2007 г. прэзыдэнт Расеі У.Пуцін прызначыў прэм’ер‑міністрам Віктара Зубкова. 14 верасьня кандыдатура Зубкова бала зацьверджаная Дзяржаўнай Думай. Гэта азначае канец інтрыгі, якая прыцягвала ўвагу шмат часу. Імя пераемніка Пуціна стала вядома: гэта Зубкоў.

Зубкоў — пераемнік

Зубкоў — выхадзец зь піцерскай каманды У.Пуціна. Да прызначэньня дырэктарам Фэдэральнай службы фінансавага маніторынгу, г.зн. фінансавай выведкі, Зубкоў займаў кіроўныя пасады ў мэрыі Санкт‑Пецярбургу, працаваў там з Пуціным.

Вывучаючы палітычна‑псыхалягічны партрэт Зубкова, можна прыйсьці да высновы, што Зубкоў падобны да Пуціна ў тым сэнсе, што гэта чалавек, які «не здае сваіх». Ён ня здасьць Пуціна. Будзе дзейнічаць у межах кантракту з Пуціным і ягонай камандай. Таксама, як раней Пуцін ня «здаў» Б.Ельцына, А.Сабчака, выконваў «кантракт» зь Ельцыным.

Адначасова Зубкоў — сталы спрактыкаваны чалавек. Выхадзец з расейскай глыбінкі, вёскі. Для яго прызначэньне прэм’ер‑міністрам, ня кажучы пра пасаду прэзыдэнта, — гэта вяршыня палітычнай кар’еры, магчымасьць упісаць сваё імя ў палітычную гісторыю Расеі.

Зубкова атачаюць «людзі Пуціна». Гэта таксама стварае адпаведныя гарантыі падкантрольнасьці Зубкова Пуціну.

В.Зубкоў цягам пяці гадоў узначальваў фінансавую выведку. Ён быў прызначаны Пуціным на гэтую пасаду для стварэньня дадатковага вагара кантролю над палітычнай элітай і бізнэс‑суполкай Расеі. Мае кампрамат на вельмі многіх і пры неабходнасьці можа выкарыстаць нават саму пагрозу выкарыстаньня кампрамату.

У адрозьненьне ад Украіны, дзе існуюць некалькі фінансава‑прамысловых групаў, якія выкарыстоўваюць палітыку, палітычны ўплыў як інструмэнт для перадзелу рынку, у Расеі пры Пуціне была створаная сыстэма ўлады‑ўласнасьці, якая выключае прэтэнзіі канкурэнтнай фінансава‑прамысловай групы на вярхоўную ўладу. Пасьля «справы Хадаркоўскага» ў 2003 г., судовага перасьледу шэрагу алігархаў, каманда чыноўнікаў і алігархаў, якую ўзначальвае Пуцін, займае дамінуючыя пазыцыі ў сыстэме ўлады‑ўласнасьці, мае ў сваіх руках усе вагары палітычнага ўплыву (дзяржаўны апарат, мэдыі). Каманда Пуціна на доўгую пэрспэктыву будзе вызначаць палітычны курс Расеі.

Пуцін застаецца

2‑га кастрычніка на 8‑ым зьезьдзе «Адзінай Расеі» Пуцін прыняў прапанову ўзначаліць выбарчы сьпіс «партыі ўлады» на парлямэнцкіх выбарах.

Сэнс падзеі вельмі добра растлумачыў намесьнік старшыні парлямэнцкай фракцыі «Адзінай Расеі» В.Валодзін: «Уладзімер Пуцін вызначыў стратэгічнае разьвіцьцё Расеі. Пуцін застаецца. Значыць, усё добрае, што ён зрабіў, застаецца». Быў зроблены і адпаведны прыгожы вобраз таго, як Пуцін застаецца. Выбарчыя сьпісы «Адзінай Расеі», у якіх пад нумарам адзін быў адзначаны Пуцін, у ЦВК прынесла прыгажуня ў чырвонай футболцы, зь лічбай 1 на спіне і надпісам буйнымі літарамі: У.Пуцін. Такім чынам, Пуцін застаўся не як асобны палітык, а як фактычны кіраўнік усёй сыстэмы ўлады — выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, прадстаўленай «басманным правасудзьдзем».

Узначаліўшы выбарчы сьпіс «Адзінай Расеі», якая пераможа на парлямэнцкіх «выбарах», Пуцін можа выбіраць: заняць пасаду сьпікера парлямэнту, прэм’ер‑міністра альбо шэрага кардынала. Ён ужо ўзначальваў урад у пэрыяд жнівень‑сьнежань 1999 г.

Пры ўсіх сцэнарах, маючы рэйтынг на ўзроўні 70% і больш, стварыўшы сваю каманду, Пуцін застаецца гаспадаром сытуацыі.

Пэрспэктывы беларуска‑расейскіх адносінаў

Для Беларусі такі сцэнар будзе азначаць, што не адбудзецца значных зьменаў у палітычным курсе Расеі, у тым ліку адносна Беларусі. Расея лічыць, што Лукашэнка сам сябе загнаў у кут, ня мае магчымасьцяў адказаць на ціск зь яе боку. У гэтых умовах Масква лічыць, што за выкананьне «шчыта», стратэгічнага саюзьніка, Беларусі можна плаціць менш, самой вызначаць, колькі плаціць і за што. Памер эканамічнай падтрымкі будзе скарачацца. Але ўсе ж такі да някрызіснага ўзроўню.

Расея будзе ціснуць на Лукашэнку з мэтай дабіцца ад яго саступак у пытаньні пакупкі расейскімі кампаніямі кантрольных пакетаў акцыяў найбольш важных прадпрыемстваў. Яшчэ ў траўні 2001 г. тагачасны расейскі прэм’ер М. Касьянаў называў 30 прадпрыемстваў, якія хоча набыць расейскі бізнэс. Такім чынам, Расея будзе імкнуцца ўзмацніць свае эканамічныя і палітычныя пазыцыі ў Беларусі, надзейна прывязаць да сябе.

Пасьля ўсталяваньня кантролю над энэргетычным сэктарам, вялікай часткі эканомікі, будзе ўжо больш магчымасьцяў увесьці расейскі рубель і значыць, кантраляваць фінансавую сыстэму, усю эканоміку. Пасьля чаго, пры ўмове захаваньня цяперашніх тэндэнцыяў у адносінах Расеі з Захадам, вельмі імаверна, што зноў актуалізуецца пытаньне пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі.

Беларусам будуць тады казаць, што гэта таксама абсалютна рынкавы падыход: расейскія інвэстыцыі ў эканоміку Беларусі трэба будзе абараняць, падмацаваць адпаведным разьвіцьцём палітычнай і ваеннай «інтэграцыі».

Аднак існуюць аб’ектыўныя абмежаваньні ціску на Беларусь з боку Расеі. Першае. Можна зноў істотна ўскладніць сувязь Расеі зь яе Калінінградзкім анклявам. Другое. Калі ня будуць заключаныя пагадненьні пра кошт на газ на прымальных умовах, Лукашэнка зноў будзе адбіраць газ з экспартнага трубапроваду: на 2008 г. Расея яшчэ не атрымае магчымасьцяў перанакіраваць адпаведны аб’ем газу эўрапейскім спажыўцам, мінуючы Беларусь. Трэцяе, мабыць, самае істотнае. Лукашэнка можа паставіць перад Расеяй геапалітычныя пытаньні (СПА, пэрспэктыва будаўніцтва ў Польшчы і Чэхіі аб’ектаў ПРА ЗША, прасоўваньне на ўсход ваеннай інфраструктуры НАТА, інтэграцыя ў НАТА Грузіі і Украіны і г.д.). Ня маючы адказу на пытаньне, хто, калі не Лукашэнка, будзе забясьпечваць гэтыя інтарэсы, Расея ня можа спыніць эканамічную падтрымку.

Расея і Захад

Рэалізацыя праграмы доўгатэрміновага кіраваньння Пуціна будзе зьяўляцца дадатковым фактарам ўскладненьня адносінаў Расеі з Захадам. Таму што зьявяцца дадатковыя падставы меркаваць пра разьвіцьцё аўтарытарных тэндэнцыяў у Расеі. Пры ўхіленьні ад дэмакратычных стандартаў Расея становіцца для Захаду ўсё больш непразрыстым, непрадказальным партнэрам. Галоўным чынам ідзе гаворка пра ўскладненьне ў палітычных адносінах пры значным інфармацыйным супрацьстаяньні. На гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве гэта не адаб’ецца. Будуць раздавацца галасы пра неабходнасьць выключэньня Расеі з «G8» і замены яе Індыяй і Бразыліяй.

Падчас кіраўніцтва Пуціна грамадзкая думка рыхтавалася для таго, каб «правільна» адрэагаваць на абвінавачваньні Захаду ў аўтарытарызьме. Напрыклад, 30 верасьня расейскія тэлеканалы перадавалі, што «ЦРУ мае стратэгію раздрабленьня Расеі да 2012 г.», што «зьмяняецца характар дзейнасьці НАТА, НАТА стала інструмэнтам стрымліваньня, аслабленьня Расеі». У той жа дзень была паказаная шырока анансаваная аўтарская праграма папулярнага ў Расеі тэлежурналіста А.Мамантава «Бархат.ru», дзе Захад абвінавачваўся ў падрыхтоўцы «аксамітнай» рэвалюцыі ў Расеі. Гэта адзін з фрагмэнтаў інфармацыйнага забесьпячэньня «пляну Пуціна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?