Барысаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі расследуецца справа ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка са Стаўбцоўскага раёна, які абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 328 КК (незаконныя дзеянні з мэтай збыту, набыццё, захоўванне, перавозка наркатычных сродкаў, учыненыя асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае арт. 328 КК, у дачыненні да наркатычных сродкаў у буйным памеры, а роўна ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў).
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па спыненні каналу пастаўкі наркотыкаў з тэрыторыі Расіі ў Беларусь супрацоўнікамі наркакантролю УУС Мінаблвыканкама сумесна са спецпадраздзяленнем МУС «Алмаз» на 449-м км трасы Брэст — Мінск — мяжа РФ быў затрыманы аўтамабіль «Аўдзі-100», якім кіраваў 41-гадовы мужчына. У яго знойдзена і канфіскавана больш за 24,4 грама гераіну. Наркотык знаходзіўся ў пачку ад цыгарэт.
Устаноўлена, што затрыманы набыў асабліва небяспечны наркатычны сродак у Маскве 26 сакавіка 2014 года і з мэтай збыту прывёз у Беларусь.
Следствам правяраецца датычнасць іншых асоб да ўчыненага злачынства. Абвінавачваны ўзяты пад варту. Раней ён ужо быў судзімы за аналагічнае злачынства.
Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне да 13 гадоў пазбаўлення волі.