Еўрарадыё даведалася, як будуць працаваць кандуктары пасля ўводу новай сістэмы аплаты праезду.

На прыпынку «Вакзал» задаю пытанне кандуктарам: як тыя будуць правяраць аплату праезду, калі знікнуць папяровыя праязныя? Гэта ж з заўтрашняга дня! Застануцца толькі пластыкавыя карткі, якія трэба будзе прыкладаць да адмысловага прыстасавання — валідаваць — кожны раз пры ўваходзе ў транспарт і… пры выхадзе.

Кандуктарка тралейбуса № 3 Зоя Віктараўна шчыра не ўяўляе, як гэта будзе заўтра. Ведае толькі, што нікуды кандуктары пакуль не падзенуцца — будуць прадаваць талоны і далей.

«Я сама не разумею, бо правяраць праязныя мы не зможам. Гэтыя ж прыстасаванні (апараты для кантролю аплаты праезду — заўвага Еўрарадыё) толькі ў кантралёраў. Проста будзем прадаваць талоны», — кажа кандуктарка.

З пецярых кандуктараў, апытаных, ніхто не ведае, як праверыць аплату ў пасажыра з пластыкавымі карткамі.

«У мяне заўтра выхадны, таму разбяромся і будзем працаваць», — кажа яшчэ адна кандуктарка. Яна прадае талончыкі пасажырам і сама ж ходзіць да навамоднага кампосцера прабіваць кожнаму пасажыру яго талончык! Гэта не гадзіна-пік, а ўсяго толькі поўдзень.

Выйсце з сітуацыі знаходзяць кандуктары «соткі»: гавораць, што кампосцераў на вялікі аўтобус мала, і проста надрываюць талончык, замест таго, каб цягнуцца да кампосцера праз пасажыраў. Самі пасажыры цягнуцца да звычайных механічных кампосцераў, абмінаючы навінку.

«Мо і будуць падманваць, як жа мы праверым? Заўтра акурат даражэе праезд, нам мо выдадуць паперку-інструкцыю, як дзейнічаць. Будзем вывучаць! «,— спадзяецца на лепшае кандуктар тралейбуса № 20 Людміла.

Кажа, што, магчыма, кантралёры будуць завітваць да кандуктараў, каб праверыць пасажыраў. Па словах кандуктара, мінчукі не разумеюць, як дзейнічае дзіва-прыбор валідатар.

«Спрабуюць прыкладаць талончык да валідатара на ўваходзе, а не прабіваць у кампосцеры, пытаюцца, як гэта працуе, трэба тлумачыць. Столькі незадавальнення, столькі пытанняў, што проста няма калі працаваць!», — абмалёўвае карціну кандуктарка.

За такімі размовамі Людміле трэба за месяц зрабіць план — прадаць талончыкаў на 26 мільёнаў, каб заробак быў каля 5 мільёнаў рублёў. Гэта 7 тысяч талончыкаў па новых коштах.

У прыёмнай Мінсктранса кажуць, што быццам бы кандуктары будуць працаваць толькі да жніўня. Да гэтага часу яны будуць прадаваць талончыкі і тлумачыць пасажырам, як карыстацца новай сістэмай аплаты.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара «Мінсктранса» Андрэя Паплёўкі, кандуктары пракантралююць аплату праезду ў пасажыраў з пластыкавымі праязнымі. Гэта даволі проста:

«Калі прыкладаеш праязны да валідатара першы раз, з'яўляецца надпіс «аплачана», а калі другі, на валідатары будзе паказвацца, ці да якога тэрміну дзейнічае праязны, ці колькі паездак засталося ў пасажыра. Гэта і будзе сведчыць: аплачаны праезд ці не», — кажа намдырэктара «Мінсктранс».

Але юрыдычна ў правілах праезду грамадскага транспорту нічога пра валідатары няма! Андрэй Паплёўка заўважае, што правілы распрацоўваюцца і рэкамендуе забіраць… чэк на аплату праезду, каб не было спрэчных сітуацый.

«Вы разумееце, і мы, «Мінсктранс», і пасажыры, вучымся. Гэтая сістэма ўводзіцца, каб абслугоўваць два тарыфы: за фактычна пройдзеныя адлегласці і разавыя талончыкі, што застануцца. Цяпер пераходны перыяд».

З боку такі падыход нагадвае сістэму ЖКГ – з дыфаплатай святла ды вады. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?