Кіраўнік нямецкага ўрада Ангела Меркель у панядзелак не пагадзілася з ацэнкай свайго міністра фінансаў Вольфганга Шойбле, які сёння параўнаў захоп расіянамі ўкраінскага паўвострава Крым з сілавым далучэннем Адольфам Гітлерам часткі Чэхаславакіі ў 1938 годзе.

«Мы гэта добра ведаем з гісторыі (…) Гэта метады, якія (Адольф) Гітлер выкарыстаў, калі захопліваў Судзецкі край (частка Чэхаславакіі)», — сказаў міністр на сустрэчы з нямецкімі студэнтамі.

«Мы павінны абараняць нашых грамадзян, і таму прымаем рашэнне аб захопе», — казаў ён, калі тлумачыў логіку рускіх.

Міністр дадаў, што расійскія дзеянні выклікаюць занепакоенасць не толькі ва Украіне, але таксама ў краінах Балтыі, Польшчы і Венгрыі.

Меркель сказала, што «нельга параўноўваць» захоп Крыма і падзеі ў Чэхаславакіі перад Другой сусветнай вайной.

У канцы верасня 1938 г. лідары Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Германіі ў Мюнхене пагадзіліся на ўключэнне чэшскага Судзецкага края, дзе большасць жыхароў былі немцамі, у склад Германіі. Праз год нямецкія войскі занялі ўсю Чэхаславакію.

Як паведамляў УНІАН, у другой палове сакавіка Расія абвясціла аб далучэнні склад Крыма пасля таго, як на непрызнаным ні Захадам, ні ўкраінскай уладай рэферэндуме яго жыхары выказаліся за ўваход у склад Расіі.

Захад рэзка раскрытыкаваў дзеянні рускіх і ўвёў супраць датычных да гэтых працэсаў асоб санкцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?