Дэмаграфічная нагрузка на працаздольнае насельніцтва ў Беларусі ў сувязі з ростам колькасці пажылых людзей дасягнула максімальнага значэння за ўсю пасляваенную гісторыю, паведаміў на прэс-канферэнцыі 1 красавіка начальнік упраўлення дэмаграфічнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Руслан Урублеўскі.

Доля людзей старэйшых за працаздольны ўзрост на пачатак 2014 года склала 2,3 млн. чалавек і за мінулы года павялічылася на 37,1 тыс.

«Доля асоб гэтай узроставай катэгорыі мае ўстойлівую тэндэнцыю да павелічэння ўжо на працягу многіх гадоў, — адзначыў Урублеўскі. — Згодна з міжнароднымі крытэрыямі, насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб [ва ўзросце] 65 гадоў і старэй у ім складае 7%. Цяпер кожны сёмы беларус, гэта значыць 14% жыхароў краіны, знаходзіцца ў гэтым узросце».

Паводле слоў спецыяліста, у пачатку 2014 года на 1.000 чалавек працаздольнага ўзросту прыпадала 403 старэйшых за працаздольны ўзрост, у той час як яшчэ ў 2009 годзе гэты паказчык быў 359 чалавек.

Пры гэтым паменшылася колькасць жыхароў краіны маладзейшых за працаздольны ўзрост з 326 у 2002 годзе да 281 чалавека на 1.000 чалавек працаздольнага ўзросту.

Паводле слоў спецыяліста, старэнне насельніцтва характэрнае для большасці еўрапейскіх краін і абумоўлена «як невысокімі тэмпамі нараджальнасці, так і павелічэннем працягласці жыцця». Колькасць жыхароў да 15 гадоў у Беларусі складае 1,6 млн. чалавек, ці 16,7% ад агульнай колькасці, адзначыў Урублеўскі. Паводле яго слоў, за мінулы год гэтая катэгорыя насельніцтва павялічылася на 31,4 тысячы чалавек. «Гэтае павелічэнне звязана з уступленнем у дзетародны ўзрост жанчын 1980-х гадоў нараджэння», — адзначыў прадстаўнік Белстата. Ён патлумачыў, што для 1980-х гадоў характэрны высокі ўзровень нараджальнасці. У пачатку 2014 года доля насельніцтва працаздольнага ўзросту складала 5,6 млн. чалавек, ці 59,4% агульнай колькасці, і за год скарацілася на 64,3 тысячы чалавек. «Прагназуецца, што памяншэнне колькасці працаздольнага насельніцтва захаваецца, бо ў гэты ўзрост будуць уступаць малалікія групы людзей, народжаных у пачатку 1990-х гадоў, якія характарызуюцца нізкім узроўнем нараджальнасці», — сказаў Урублеўскі. Разам з тым, адзначыў спецыяліст, з гэтай узроставай катэгорыі паступова выходзяць людзі, народжаныя пасля вайны, для якога быў характэрны рост нараджальнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?