Аляксандр Лукашэнка крытыкуе мінскія ўлады за валакіту і няўменне працаваць з інвестарамі пры будаўніцтве значных аб'ектаў.

Сваё нездавальненне кіраўнік дзяржавы выказаў сёння на нарадзе па пытанні выканання даручэнняў аб будаўніцтве значных аб'ектаў у Мінску.

«Мне ўжо надакучыла, шчыра кажучы, пастаянна сутыкацца з адтэрміноўкамі, зрывамі запланаванага, пераглядамі інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве значных аб'ектаў», - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што найбольш часта такія сітуацыі ўзнікаюць у Мінску, што не робіць гонару гарадскім уладам. «Гэта тэма — будаўніцтва ў Мінску - дайшла да краю. Скажу шчыра: я больш цярпець гэтага не маю намеру, калі гэта задавольвае ўрад і нават праваахоўныя органы, то мяне гэта вельмі не задавольвае», — падкрэсліў ён.

«Выбачайце, але я пачынаю падазраваць усё кіраўніцтва Мінгарвыканкама, і для гэтага ў мяне ёсць падставы.

Я ўжо не раз гаварыў аб першым намесніку мэра Мінска, які папаўся на велізарным хабары, я так разумею, ён ужо асуджаны. Гэта проста так не бывае. І тое, што сёння адбываецца ў Мінску, і тыя даклады, якія я атрымліваю, мяне проста насцярожвае.

Не атрымалі б мы яшчэ большы які-небудзь варыянт, чым з вашым першым намеснікам, — сказаў ён, звяртаючыся да мэра Мінска Мікалая Ладуцькі. — Тое вам не падабаецца, гэта не падабаецца, то вы інвестара шукаеце цэлы год, то вы дапрацоўваеце канцэпцыю, калі ёсць гатовая і людзі гатовы нешта рабіць, то вы пераносіце тэрміны самавольна, аж за 20-ы год.

Дык там ужо нікога з нас не застанецца, хто там будзе будаваць, хто вашы задумы будзе рэалізоўваць?».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сталіца — гэта твар краіны і невыпадкова асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню тут новых значных аб'ектаў, фарміраванню спрыяльнай для пражывання людзей сучаснай інфраструктуры, рэканструкцыі гістарычных і культурных помнікаў. «Усё гэта робіцца на карысць людзей, у інтарэсах як цяперашняга, так і будучых пакаленняў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Аднак мяне непакояць нізкія тэмпы і асабліва якасць работ. І віна тут не толькі праекціроўшчыкаў і будаўнікоў, але і тых службовых асоб, якія арганізуюць працэс і павінны несці поўную адказнасць за ход рэалізацыі праектаў».

Паводле слоў Лукашэнкі, асабліва негатыўная сітуацыя на працягу многіх гадоў складваецца з такімі аб'ектамі, як «Мінск-Сіці», стадыёны «Трактар» і «Дынама». Цэнтр фрыстайла, аквапарк.

«На кожным з іх цэлая куча праблем, якія доўгі час не вырашаліся. Сваю ролю ў гэтым адыгралі і валакіта, і няўменне працаваць з інвестарамі, і адсутнасць кантролю, акрытая бяздзейнасць у складаных сітуацыях», — лічыць ён.

«З гэтага пункту гледжання работу Мінскага гарвыканкама інакш як нездавальняючай назваць нельга. Тут склаўся, мякка кажучы, своеасаблівы стыль работы і адносіны да даручэнняў, у тым ліку прэзідэнта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі прымаюцца рашэнні аб пачатку будаўніцтва - згодна ківаюць галовамі. Як толькі бяруцца за справу - пачынаюць раз за разам бегаць з просьбамі аб пераносе тэрмінаў, пераглядзе праектаў. Словам, замест работы - цяганіна і валакіта! Такія адносіны да справы проста недапушчальныя!».

«Хацеў бы пачуць ад кіраўніка гарадской улады, па-першае, калі «Мінск-Сіці» будаваць пачнём, па-другое, стадыён «Дынама»? Збіраецеся цягнуць з яго рэканструкцыяй да 2017 года?

Па-трэцяе, дзе мы будзем праводзіць міжнародныя спаборніцтвы па футболе? Футбольная федэрацыя запэўнівала, што мы будзем прэтэндаваць на ўдзел у чэмпіянаце Еўропы-2020 года!» - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, ён запатрабаваў далажыць, як складваецца сітуацыя з рэканструкцыяй стадыёна «Трактар»: «Мяркуючы па тым, як развіваюцца падзеі, яго рэканструкцыю, напэўна, будзем пасля 2020 года пачынаць. Так справа не пойдзе!».

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама сітуацыяй па астатніх аб'ектах, якія ўжо будуюцца, запланаванымі мерамі для паспяховай рэалізацыі праектаў і тым, што зроблена сумесна з урадам для іх бесперабойнага фінансавання. «Думаю, што на гэтыя праблемы звярнуў увагу Камітэт дзяржаўнага кантролю», - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?