«Адзінае, што апраўдвае маральную дэградацыю нашых газет, — гэта тое, што ёй спадарожнічае дэградацыя разумовая»
Гілберт К.Чэстэртон.

У сеціве з’явіўся адкрыты ліст шэрагу супрацоўнікаў дзяржаўнага расійскага тэлебачання ў абарону вядучага РТР Дзмітрыя Кісялёва ад еўрасаюзаўскіх злыдняў.

Сярод падпісантаў — Дзмітрый Кайстра. Гэта ён кайстрыраваў, так бы мовіць, гісторыю, калі ў кісялёўскай праграме сцвярджаў, што Хатынь спалілі «бандэраўцы» і што менавіта яму беларускі КДБ першаму адкрыў нібыта дасюль засакрэчаную справу Васюры, які камандаваў паліцэйскім батальёнам карнікаў. Між тым, батальён быў пазбіраны з кадравых савецкіх афіцэраў і чырвонаармейцаў, у асноўным, што праўда, з украінцаў, аднак да УПА аніякіх адносінаў не меў. І справа Васюры даўно і да апошняй кропкі добра вядома. Кайстра хлусіў свядома, з адзінай мэтай — выклікаць у гледачоў праграмы нянавісць да «ўкраінскіх нацыяналістаў», якія нібыта і зладзілі Майдан.

Хлусіў, стоячы на папялішчы Хатыні.

Але я не пра Хатынь. Пра паплечнікаў Кісялёва і ягоных абаронцаў. Амаль кожны з іх зрабіў свой унёсак у Вялікую Хлусню, якую іх кумір з агрэсіўна­пафасным захапленнем пераапрацоўвае ў патрыятычна-­прапагандысцкі бруд.

Ліст адрасаваны «журналісцкай супольнасці Расіі», каб тая супольнасць патрабавала ад чыноўнікаў Еўрасаюза тлумачэнняў, чаму яны не хочуць бачыць «калегу» на сваёй тэрыторыі.

Навошта ж абаронцам Кісялёва «журналісцкая супольнасць Расіі»? Разумныя людзі, калі іх нехта пакрыўдзіў, звычайна патрабуюць тлумачэнняў непасрэдна ад крыўдзіцеляў, ці наўпрост звяртаюцца ў суд. Аднак падобна на тое, што «кіпіць іх розум узбунтаваны», так і прагне з цалкам зразумелай калізіі выцягнуць максімум прапагандысцка-патрыятычнага эфекту.

Гэта так смешна — назіраць, як самазакаханая тэлебалаболка надзімаецца самастворанай веліччу імперскай Расіі!

Між тым пра дзяржаўную пасаду новапрызначанага кіраўніка агенцтва РІА «Навіны» ў лісце не згадваецца. Нібыта Дзмітрый Кісялёў — журналіст, і толькі. З чаго павінна вынікаць, што Еўрасаюз увёў забарону на прафесію, на свабоду слова, перамяшчэння, увогуле парушыў базавыя прынцыпы дэмакратыі і грэбуе ледзь не ўсімі асноўнымі каштоўнасцямі еўрапейскай цывілізацыі.

Вось якая страшэнная разбуральная сіла — Дзмітрый Кісялёў! Не з’явіцца ў Куршавелі — абрынецца Еўропа з усімі сваімі каштоўнасцямі!

Што ж, нам у Беларусі ўсё гэта добра знаёма. Пасля Плошчы. Калі шэрагу чыноўнікаў, адказных за крывавыя падзеі, было адмоўлена з’яўляцца ў Еўропе. У іх ліку тым, хто ганарліва лічыць сябе журналістам. Пра што толькі не даведаўся тады беларускі чытач і глядач! І пра тое, што «гэта фактычна не толькі расправа з іншадумцамі­-журналістамі, але і забарона на прафесію»… І пра тое, што «складальнікі спіса ў Бруселі забыліся на ключавы, фундаментальны прынцып дэмакратыі — свабоду слова» … І пра тое, што «іх рашэнне з’яўляецца найгоршым узорам савецкай прапаганды, узводзіць жалезную заслону вакол еўрапейскіх дзяржаў»

«Расправа», «забарона», «свабода слова», «жалезная заслона», «іншадумства» — усё гэта скрадзена з дэмакратычнага лексікона.

Але нашто адмоўнікам ад Еўропы — і беларускім, а вось зараз і расійскім, — прыбірацца ў дэмакратычную тогу? З якога глузду выстаўляць сябе ахвярамі «еўрапейскага таталітарызму»?

Можна ўсё патлумачыць істэрыкай. Альбо хваравітай цягай да публічнага расчэсвання ран. Альбо нявыкараненай звычкай да цынічнага палітычнага прытворства. Ці ўсім разам…

Насамрэч жа, па-­мойму, у згаданай істэрыцы хаваецца яшчэ адна, парадаксальная (а для Кісялёва і яму падобных нашых суайчыннікаў зусім непажаданая) асаблівасць: прызнанне маральнай перавагі дэмакратычных прынцыпаў. Бо яны, гэтыя прынцыпы, гістарычна вырастаюць з прынцыпаў высокай маралі.

Вось і намагаюцца чыноўнікі і прапагандысты, каго пазбавілі магчымасці «патусавацца» на еўрапейскіх форумах і курортах, выявіць з сябе пацярпелых за «іншадумства», «свабоду слова»…

Насамрэч забарона Кісялёву з’яўляцца на тэрыторыі Еўрасаюза вельмі нагадвае «каб духу твайго тут не было!»

Духу агрэсіі, распальвання міжнацыянальнай варожасці, падбухторвання да грамадзянскай вайны ў «братняй» дзяржаве….

Духу, якім наскрозь прасякнуты сфармуляваны ім свой базавы прынцып: журналістыка павінна абслугоўваць інтарэсы ўлады.

То бок, калі дзяржава (улада) мае інтарэс да кавалка чужой зямлі — кінем у бой усе свае прапагандысцкія сілы.

Не, з такім прынцыпам у Еўропе рабіць няма чаго. У Еўропе на гэты конт свой незабыўны досвед.

 «У таталітарным рэжыме друк з’яўляецца элементам рэжыму і сілай, што знаходзіцца ў яго на службе… Таму італьянскі друк з’яўляецца цалкам фашыстоўскім». Так у свой час выказваўся Беніта Мусаліні. Але, як вядома, «сіла» не дапамагла дыктатару, хаця служыла яму верай і… Ледзь не сказаў «праўдай», што, безумоўна, было б яўным перабольшваннем. Наадварот, ягоны рэжым таму і зрынуўся, што хлусіў сабе, народу і ўсяму свету.

Хемінгуэй, помніцца, калі ў якасці журналіста трапіў на прыём да Мусаліні, заўважыў, як той «чытае» на ангельскай мове Шэкспіра, трымаючы кніжку дагары нагамі.

Можна было б палічыць выпадковасцю, калі б дыктатар гэтаксама, дагары нагамі, не скончыў свой хлуслівы крывавы век.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?