Гурт, ці як называюць сябе самі музыкі, аркестрык Vuraj запісаў першы ў сваёй дыскаграфіі студыйны альбом. Кружэлка атрымала назву «Раёк» і неўзабаве выйдзе на ўкраінскім лэйбле «Наш формат».
Па словах музыкаў альбом атрымаўся надзвычай постмадэрніскім: класічныя народныя спевы Палесся ў ім сустракаюцца з джазавымі, псіхадэлічнымі і нават рокавымі нотамі. Пры гэтым «Раёк» гэта не перапяванне фолкавай класікі на сучасны манер, а стварэнне сваёй адметнай падачы і стылю.
Новы альбом рыхтаваўся цягам двух год. Яго аснову ўтварылі збольшага летнія (жніўныя) песні. У тэматычным фокусе – «літо, жыта» і, вядома, хлапеча-дзявочыя стасункі. Багаты на песню Палескі край натхніў музыкаў ажно на чатыры кампазіцыі. «За валом», «Сасна пахілілася», «Траўка з палыночкам», «Вэлытай, пэрэпылко…» абавязаныя сваім з’яўленнем менавіта спеўнай традыцыі Палесся.
Варта заўважыць, што папярэднія два альбомы аркестрыка былі прысвечаны музычнаму тэатру, у той час як «Раёк» стане першай для гурта «сур’ёзнай» працай.