Праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам прэміі шведскай праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders за 2014 год.

«Больш за 30 гадоў ён жыве ў бесперапыннай барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека — спачатку ў СССР, а затым у Беларусі», — адзначаецца ў прэс-паведамленні арганізацыі.

«Алесь з'яўляецца адным з адзінаццаці беларускіх палітвязняў. Ён асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад выплаты падаткаў у судзе з выразнымі палітычным падтэкстам. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 г. і з тых часоў знаходзіцца ў турме. Кіраўнік вядучай праваабарончай арганізацыі краіны, Алесь Бяляцкі з'яўляецца цэнтральнай фігурай у беларускай грамадзянскай супольнасці», — адзначаюць у Civil Rights Defenders.

«Судовы працэс па справе Бяляцкага быў ініцыяваны нягледзячы на міжнародныя пратэсты і патрабаванні аб яго вызваленні. Працэс пераследу Алеся быў наўпрост звязаны з яго праваабарончай дзейнасцю і прысуд служыць папярэджаннем для ўсёй беларускага грамадзянскай супольнасці», кажа Роберт Хорд, дырэктар Civil Rights Defenders.

Бяляцкі раней атрымаў шэраг міжнародных прэмій. Ён быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Уручэнне прэміі пройдзе 4 красавіка ў Стакгольме.Бяляцкі знаходзіцца ў турме, таму прэмію за яго атрымаюць яго жонка Наталля Пінчук і калега-праваабаронца Таццяна Равяка.

Прэмія Civil Rights Defenders была заснаваная ў 2013 годзе. Яе грашовае вымярэнне — 50 тысяч еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?