Менскі трактарны завод спыняе працу ў лістападзе на тыдзень. Пра гэта паведаміў прэс‑цэнтру Хартыі’97 старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. На заводзе вывесілі загад пра тое, што прадпрыемства не будзе працаваць з 3 да 11 лістапада. Адначасова з гэтым працоўным МТЗ дагэтуль не выплацілі цалкам зарплату за верасень. Супрацоўнікам прадпрыемства паведамілі, што за перыяд прастою яны таксама не атрымаюць грошай — проста будуць адпрацоўваць гэтыя дні па суботах.

«Сапраўды, на заводзе ёсць праблемы з выплатай зарплаты. І па гэтай прычыне спыняецца канвеер. Працоўным абвясцілі, што на тыдзень іх адпраўляюць у водпуск, які яны потым будуць абавязаныя адпрацаваць. Чаму гэта адбываецца, ніхто не ведае. Можна толькі меркаваць, што насамрэч тая экспартная палітыка, якая здзяйснялася дагэтуль, правалілася. Экспарт трактароў для завода стратны. Проста раней прадпрыемства сур’ёзна субсідавалася з боку дзяржавы. Сёння сталі відавочныя эканамічныя цяжкасці. У дадзеным выпадку, гэта адбілася на дзейнасці флагмана беларускай прамысловасці», — заявіў у інтэрв’ю прэс‑цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Ярашук.

На самім прадпрыемстве адмаўляюцца паведамляць прычыны, па якіх прадпрыемства спыняе працу. У аддзеле кадраў МТЗ з прэс‑цэнтрам Хартыі’97 не захацелі размаўляць і пераключылі тэлефон на намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства. Службовец не пацвердзіў інфармацыю, што прадпрыемства не будзе працаваць да 11 лістапада, заявіўшы:

«Не трэба шукаць на нашым прадпрыемстве праблем. Мы не будзе працаваць з 3 па 7 лістапада ў сувязі з святамі, і будзем адпрацоўваць гэтыя дні па суботах».

На пытанне, чаму прадпрыемства не будзе працаваць 5 і 6 лістапада (панядзелак—аўторак), намеснік гендырэктара нічога зразумелага не адказаў, заявіўшы, што гэта «загад гендырэктара». Сказаўшы фразу «вы не следчы, я не абавязаны з вамі размаўляць», службовец кінуў трубку.

«Тое, што адбываецца на МТЗ, вельмі сімптаматычнае. Цяпер людзі могуць і не выйсці на вуліцы. Але наступным разам можа здарыцца так, як на Менскім мотавелазаводзе, працоўныя якога некалькі гадоў таму перакрылі Партызанскі праспект. Не з’яўлялася сакрэтам з самага пачатку, што дзяржава імкнулася падтрымліваць самыя буйныя сталічныя прадпрыемствы, але цяпер бачная цана гэтай падтрымкі. Шмат у чым Трактарны завод, як і «Гарызонт», як і МАЗ, існаваў дзякуючы сур’ёзным датацыям з боку дзяржавы. То бок за кошт шараговага падаткаплацельшчыка. У канчатковым выніку і ўзніклі гэтыя праблемы. Нашы прамысловыя прадпрыемствы сёння рэальна стаяць перад пагрозай пагаршэння свайго эканамічнага становішча і страты канкурэнтаздольнасці», — лічыць Аляксандр Ярашук.

На Менскім трактарным заводзе працуе амаль 20 тысяч чалавек.

Нагадаем, што нядаўна старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа заявіў, што «ўжо ў наступным годзе магчымыя даволі маштабныя звальненні на буйных прадпрыемствах колькасцю да ста тысяч чалавек з мэтай падвышэння эфектыўнасці працы».

Хартыя'97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0