«Тысячагадовая гісторыя Украіны – бясконцая тэма для размовы. Украіна князя Уладзіміра, Хмяльніцкага, Бандэры, Януковіча, Майдану. Хто герой, а хто здраднік?» — гэтымі словамі палітык Павел Севярынец пачаў канферэнцыю, якая адбылася на сядзібе БНФ. Зрэшты, па сваім фармаце яна больш нагадвала круглы стол, прысвечаны найбольш актуальным гістарычным праблемам.

Арганізатарам выступіў Камітэт салідарнасці з Украінай. У імпрэзе ўзялі ўдзел гісторыкі Фёдар Клімчук і Алесь Пашкевіч, палітолаг Валерый Карбалевіч, паэт Сяргей Законнікаў, палітыкі Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка, Віталь Рымашэўскі і юрыст Ігар Рынкевіч. А невялікая зала сядзібы БНФ была цалкам запоўнена гасцямі.

Як адзначыў Севярынец, камітэт вырашыў арганізаваць канферэнцыю, каб не заблытацца і разабрацца ў складаных гістарычных пытаннях. І каб прысутныя маглі скласці самастойнае меркаванне, дзе праўда, а дзе мана.

Цікава, што з украінскага пункту гледжання літоўцы захапілі беларускія землі.

Але, на іх думку, Украіна ўвайшла ў склад ВКЛ мірна і дабраахвотна. Нашыя паўднёвыя суседзі лічаць, што пры вялікакняскім двары ў Вільні гучала ўкраінская мова. А ВКЛ (прынамсі, да ХV стагоддзя) з’яўлялася пераемніцай Кіеўскай Русі. А таму часткова і ўкраінскай дзяржавай.

Вельмі высока ацэньваецца Вітаўт. Менавіта ў гады яго кіравання поўдзень Украіны ўвайшоў у склад ВКЛ.

Каментуючы такі падыход, гісторык Алесь Пашкевіч зрабіў іранічную заўвагу.

Гэткім чынам украінцы спрабуюць даказаць свой унёсак у спадчыну княства. Але «ўбіцца» цяжка, бо тэрыторыя сённяшняй Украіны была ў ВКЛ перыферыяй.

Нашыя паўднёвыя суседзі робяць акцэнт хутчэй на галіцка-валынскім перыядзе, які лічыцца адной з калысак украінскай дзяржаўнасці.

Павел Севярынец, які вёў канферэнцыю, паспрабаваў «раскруціць» фразу Пашкевіча пра перыферыю.

Адкуль паходзіць слова «Украіна», спытаў Севярынец. Ад слова «краіна» або «ускраіна», як паблажліва казалі ў Маскве? З адказу Пашкевіча можна было зразумець, што ён схіляецца да другога варыянта, але не бачыць тут ідэалогіі.

З шэрагу тэмаў, якія абмяркоўваліся, цікавасць прысутных выклікаў феномен Палесся. Як яго разглядаць: як рэгіён, які належыць да пэўнай культуры або нацыі ці да памежжа? Лінгвіст Фёдар Клімчук мае ўласны погляд.

Казаць пра самастойны палесскі этнас не выпадае. Ніхто не змог дакладна вызначыць яго межы. Дый саміх палессяў надзвычай шмат.

Асобна вылучаюць тураўска-мазырскае Палессе, Берасцейшчыну, усходнюю Гомельшчыну. На тэрыторыі Украіны – валынскае і жытомірска-кіеўскае. Свае Палессі існуюць і на тэрыторыі Расіі (напрыклад, заходнябранскае, якое блізкае да гомельскага).

Аднак мясцовыя гаворкі сапраўды адрозніваюцца ад літаратурных моў. На Палессі захавалася шмат архаічнасці.

Невялікую дыскусію выклікала відэа пра Запарожскую Сеч.

Сітуацыю, калі Рада (сход свабодных людзей) распараджалася ўладай, Севярынец параўнаў з Майданам.

Разважанні пра Сеч як свабодную «рыцарскую» дзяржаву натхнілі аднаго з прысутных на крытыку твора «Тарас Бульба». «Чаму Гогаль адлюстраваў там норавы Масквы, а не Запарожскай Сечы? — спытаў ён. — Тарас не мог самастойна вырашаць лёс свайго сына, а быў павінен аддаць яго пад суд». Але ўдзельнікі канферэнцыі абаранілі рэпутацыю Гогаля. Літаратар мае права на фантазію.

Чарговым прыкладам таго, як гісторыя паўтараецца ў стагоддзях, стаў эпізод, які прагучаў у выступленні Алеся Пашкевіча. Гісторык расказваў пра ўкраінскі нацыянальны рух. Цягам ХІХ стагоддзя ён развіваўся ў дзвюх дзяржавах. Бо адна частка Украіны знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. Другая — у складзе Аўстра-Венгрыі.

У ХІХ стагоддзя на Галіччыне, якая належала Аўстрыі, развіваліся як рух за самастойнасць украінскай нацыі, так і рух за адзінства з Масквой. Яго прыхільнікі называлі сябе русінамі. Але пачалася Першая сусветная вайна. На Галіччыну прыйшла расійская армія і сваімі паводзінамі хутка знішчыла ўсё русафільства.

Пакрысе ад гістарычных тэмаў выступоўцы перайшлі да сучасных. Валер Карбалевіч падзяліўся сакрэтамі перамогі першага Майдану. А яго маладыя калегі расказалі пра сваю прысутнасць у Кіеве падчас другой па ліку ўкраінскай рэвалюцыі. Зрэшты, гэтыя падзеі таксама сталі гісторыяй. Толькі менш далёкай ад нас па часе, чым Кіеўская Русь або Запарожская Сеч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?