28 кастрычніка ў Мінску, у мастацкай галерэі кафетэрыя «Добрыя мыслі» (вуліца Магілёўская, 12) адкрылася выстава канцэптуальна‑мастацкіх твораў Віктара Маркаўца і Алеся Разанава.

У экспазіцыі дэманструюцца сумесныя работы аўтараў з серый «Ісвы» і «Функцыянальныя кантэксты». У першай частцы паказана мастацка‑вобразнае даследаванне розных з’яў: работы «Страх», «Сумненне», «Згодна», «Смага», «Разважанне», «Радасць», «Магчымасць» і «Смутак». Другая серыя — гэта ўвасабленне цераз сэнсавую, эмацыйную і вобразную пабудову мастацкіх твораў старажытных прылад працы: піла, сякера, рыдлёўка, серп.

Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская называе гэтыя серыі, як і былы праект мастакоў «Яйкаквадраты», «новым словам у авангардным мастацтве нашых дзён, якое не мае аналагаў у сучаснай мастацкай культуры, паколькі выходзіць за межы дзейных мастацкіх увасабленняў».

Апрача таго, у галерэі адкрылася выстава класічнага станкавага жывапісу В.Маркаўца «Барвы жыцця», прымеркаваная да 60‑годдзя мастака. Разам з пейзажамі тут прадстаўлены габелены аўтара і яго распісныя дываны, выкананыя ў традыцыях старажытнай беларускай народнай творчасці.

Марат Гаравы, БелаПАН.

Глядзі яшчэ:
Разанаў і Маркавец прайгралі суд МТС

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0