Праз месяц «маладыя спецыялісты» даведаюцца, дзе правядуць найбліжэйшыя два гады. Еўрарадыё даведалася, хто там у чарзе на выпускнікоў.

«У нас на інжынерна-тэхнічным профілі заявак больш, чым спецыялістаў у два разы. Гэта дрэваапрацоўка, хімічная прамысловасць. У асноўным, не Мінск. На эканамічным заявак менш. Але выпускнікі прыносяць свае», — апісваюць Еўрарадыё будучае размеркаванне ў Беларускім тэхналагічным універсітэце.

Некалькі выпускнікоў «адкупаюцца» ад размеркавання: аддаюць дзяржаве грошы за 5 гадоў вучобы:

«Да пяці чалавек кожны год. Часцей за ўсё не даводзяць да суда. Некалькі гадоў таму толькі суд быў».

А грошы немалыя: больш за 100 мільёнаў рублёў.

На Магілёўшчыне патрэбныя аж 900 педагогаў у садкі і школы! Столькі заявак на выпускнікоў мае Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова. Найбольшы дэфіцыт — выхавацелі ў садок.

«У адзін толькі ў Бабруйск трэба 240 спецыялістаў педагагічнага профілю. У Магілёў — 170 чалавек. Найбольш запатрабаваныя спецыялісты ў сістэме дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, біялогіі, матэматыкі, хіміі», — пералічваюць вакансіі ва ўніверсітэце.

Большасць айцішнікаў размяркоўваюцца ў Мінск. Але едуць і ў раёны.

«Мінск проста большы, таму тут больш прадпрыемстваў. Але ахоп — уся рэспубліка. Пры размеркаванні ні адна арганізацыя не мае прэферэнцый. Выпускнік мае права выбару. Калі ён ужо недзе працуе і хоча там заставацца, адпускаем туды», — тлумачаць у Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Дыпламатаў з факультэта міжнародных адносін БДУ ў пасольствы… не набіраюць. Хоць заявак хапае, расказваюць на гэтым факультэце.

«Пасольства — гэта ж замежныя структуры. Размеркаванне неабавязкова ў Мінск, бывае і Гомель і Барысаў», — на факультэце абяцаюць прыстроіць усіх выпускнікоў.

Летась за кошт бюджэту дыпломы атрымалі 20,3 тысяч чалавек. На працу з накіравалі 19 тысяч. Працаваць па размеркаванні пагадзіліся 18,3 тысячы, падлічвае Белстат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?