Расія можа накіраваць міратворцаў у Данецкую вобласць Украіны толькі з дазволу Савета бяспекі ААН, заявіў «Інтэрфаксу» у панядзелак 7 красавіка, кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспецы Віктар Азёраў.

Раней у панядзелак прарасійскія актывісты, якія захапілі будынак Данецкай абласной адміністрацыі, абвясцілі аб стварэнні «Незалежнай Данецкай рэспублікі». Рашэнне было прынята самаабвешчаным «народным саветам», створаным актывістамі. Ён выступіў за далучэнне «Незалежнай данецкай рэспублікі» да Расіі, а таксама звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай аб увядзенні міратворчага кантынгенту.

Як заявіў Азёраў, «былі прыклады ўвядзення міратворчага кантынгенту на тэрыторыю Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, але гэта было ў рамках СНД, а проста так узяць і ўвесці па прызыве мясцовых уладаў наш міратворчы кантынгент у Данецк ці кудысьці яшчэ — гэта супярэчыць міжнародным прынцыпам і нормам».

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «калі будзе прынята рашэнне Савета бяспекі ААН аб уводзе міратворцаў, тады Расія як пастаянны член Савета бяспекі і ўдзельнік Дамовы па супрацоўніцтве і бяспецы ў Еўропе можа ўвайсці ў склад міратворчага кантынгенту для забеспячэння бяспекі ў тым ці іншым рэгіёне».

На думку сенатара, «падштурхоўваць сітуацыю (на ўсходзе Украіны - ДОЖДЖ) звонку было б контрпрадуктыўным».

Напярэдадні ў трох гарадах на ўсходзе Украіны — Данецку, Харкаве і Луганску — прайшлі мітынгі прыхільнікаў федэралізацыі краіны пад расейскі трыкалор. Іх удзельнікі патрабуюць правесці рэферэндумы аб статусе рэгіёнаў. У Данецку і Харкаве дэманстранты ўзялі пад кантроль будынкі абласных адміністрацый, у Луганску актывісты захапілі рэгіянальнае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Па дадзеных МУС, будынак Харкаўскай абласной адміністрацыі вызвалілі ад захопнікаў, аднак, як перадаюць мясцовыя СМІ, актывісты там працягваюць знаходзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?