Шахцёры Данбаса не будуць падтрымліваць прарасейскі настроеных актывістаў.

Пра гэта заявіў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны Міхаіл Валынец, каментуючы распаўсюджаны ў СМІ так званы «План дзеянняў», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прафсаюза.

У прыватнасці, там гаворыцца пра неабходнасць агітацыі шахцёраў і пра забастоўкі на шахтах.

«Шахцёры не будуць падтрымліваць сепаратыстаў. І на тое ёсць прычыны. Яны добра абазнаныя, што ў Расіі ў мінулым годзе на 40% скараціліся інвестыцыі ў вугальную прамысловасць.

Акрамя таго, усе ведаюць, што там вядзецца здабыча вугалю на тоўстых пластах, а больш за 60 % аб'ёму — у кар'ерах, адкрытым спосабам. На такіх шахтах выдаткі складаюць 10 даляраў на 1 тону. Шахцёры Данбаса ведаюць і тое, што, напрыклад, у Растоўскай вобласці закрыты ўсе шахты, за выключэннем трох аб'ектаў, якія належаць украінскаму прадпрымальніку Рынату Ахметаву і пастаўляюць вугаль ўкраінскаму спажыўцу», — сказаў Валынец.

Акрамя таго, ён адзначыў таксама, што ў Расіі няма датацый з бюджэту на вугальную прамысловасць, адпаведна яна не будзе датаваць украінскія шахты.

«А гэта азначае, што яны будуць зачыненыя імгненна. Людзі застануцца без заробкаў і працы.

Ва Украіне на дадзены момант шахты не закрываюцца, а шахцёрам выплочваюць заробак. У гарнякоў няма прычын для хваляванняў і ідэі сепаратыстаў ім не цікавыя», — сказаў Валынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?