«Ва ўмовах пагаршэння знешняй кан'юнктуры і зніжэння эканамічнай актыўнасці ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах Нацыянальны банк у II квартале 2014 года захавае дзейныя падыходы ў правядзенні грашова-крэдытнай палітыкі» — такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове праўлення Нацбанка № 200 ад 31 сакавіка 2014 года, паведамляе прэс-служба фінансавага рэгулятара.
Падыходы да рэфінансавання банкаў з боку Нацыянальнага банка застануцца жорсткімі і будуць стымуляваць банкі забяспечваць правядзенне актыўных аперацый строга ў адпаведнасці з наяўнымі рэсурснымі магчымасцямі, абяцаюць у ведамстве. Працягнецца праца па павышэнні эфектыўнасці і аптымізацыі тэмпаў крэдытавання банкамі эканомікі, у тым ліку за кошт мер макрапрудэнцыйнага характару.
«Працэнтная палітыка будзе скіраваная на паступовае памяншэнне працэнтных ставак па тэрміновых укладах (дэпазітах) фізічных асоб пры забеспячэнні ўстойлівага перавышэння даходнасці па ўкладах у нацыянальнай валюце над укладамі ў замежнай валюце. Адначасова гэта дазволіць павялічыць даступнасць крэдытаў для насельніцтва і арганізацый нефінансавага сектара», — лічаць у Нацбанку.
З гэтай мэтай пастановай праўлення № 217 ад 4 красавіка 2014 года стаўка рэфінансавання з 16 красавіка ўстаноўлена на ўзроўні 22,5% гадавых, паведамляе прэс-служба ведамства.
Пры правядзенні курсавой палітыкі Нацыянальны банк працягне згладжваць рэзкія ваганні абменнага курсу, не перашкаджаючы рыначнай тэндэнцыі фарміравання курсу зыходзячы з попыту і прапановы, гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамлялася раней, асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год прадугледжваюць, што стаўка рэфінансавання ў сярэднім за год складзе 14—16%. У абгрунтаванні Нацбанка да асноўных кірункаў паведамлялася, што для выхаду на гэтае значэнне стаўка рэфінансавання да канца 2014 года павінна скласці 11—13%. Аднак у студзені—сакавіку Нацыянальны банк захоўваў нязменным існы ўзровень (23% гадавых) стаўкі рэфінансавання. Прынятыя рашэнні рэгулятар тлумачыў неабходнасцю абмежаваць інфляцыю і захаваць прывабныя ўмовы для захоўвання рублёвых зберажэнняў.
Пры падрыхтоўцы прагнозных дакументаў фінансавыя ўлады зыходзілі з таго, што сярэднегадавы курс долара складзе ў 2014 годзе 9.800 рублёў. Па выніках таргоў 7 красавіка афіцыйны курс долара склаў 9.910 рублёў.