Увечары 6 красавіка на Прывакзальнай плошчы ў Віцебску група невядомых асобаў распаўсюджвала сярод мясцовых аўтамабілістаў дзяржаўныя расійскія сцяжкі.

Чалавек з рукзаком за плячыма прапаноўваў сімволіку суседняй дзяржавы кіроўцам, якія спыніліся на светлафоры каля трамвайнага прыпынку на вуліцы Касманаўтаў. Некаторыя аўтамабілісты, да прыкладу, вадзіцель хуткай дапамогі, жадалі атрымаць сцяжок і узмахам рукі самі запрашалі падысці да іх валанцёра гэтай акцыі. На Прывакзальнай плошчы карэспандэнт таксама заўважыў некалькі таксі з расійскімі сцягамі ў салоне.

Невядомы распаўсюднік, заўважыўшы, што яго здымаюць, вырашыў даведацца, чаму апынуўся ў цэнтры ўвагі. На прамое пытанне, навошта ён уручае беларускім кіроўцам сімволіку суседняй краіны, двухметровы хлопец знакамі паказаў, што не разумее пытання, бо з'яўляецца глуханямым. Напрыканцы незнаёмы ткнуў пальцам у сярэдзіну свайго ілба. Што ён хацеў гэтым сказаць, засталося невядома.

Пасля гэтага валанцёр згарнуў сцяжкі, што засталіся, і сышоў у бок вакзала, дзе яго чакалі паплечнікі па агульнай справе. Абмяняўшыся актыўным жэстыкуляваннем і развітаўшыся, адзін з таварышаў адправіўся ў бок вуліцы Кірава. А двое іншых, з заплечнікамі, — пайшлі на вакзал. Іх размова адбывалася пры ўдзеле мясцовых таксістаў. У трыццаці метрах ад іх стаяла дзяжурная машына ДПС.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў Віцебску адбываюцца падобныя акцыі. У сакавіку фота з дзвюх акцый па раздачы расейскіх сцяжкоў віцебскім кіроўцам зрабіў і выклаў у свой Фэйсбук праваабаронца Павел Левінаў. Адна з акцый адбывалася каля плошчы Перамогі ў сакавіку. Дзяўчына, што прапаноўвала трыкалоры уладальнікам транспартных сродкаў, таксама рабіла выгляд, што не разумее ці не чуе свайго суразмоўцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?