Актывізацыя сепаратысцкіх сіл на ўсходзе і поўдні Украіны і ўдзел у супрацьпраўных дзеяннях грамадзян Расіі сведчаць аб намеры Крамля ажыццявіць другі этап акупацыі Украіны. У той жа час ўкраінскія грамадзяне не паддаліся на гэтыя правакацыі.

Пра гэта гаворка ідзе ў заяве ўкраінскага МЗС адносна ўмяшання Расіі ва ўнутраныя справы Украіны.

«Абвастрэнне сітуацыі ў асобных гарадах усходу і поўдня Украіны інспіравана звонку і выклікана падрыўной дзейнасцю Расійскай Федэрацыі. Да ажыццяўлення правакацый прыцягнутыя групоўкі, якія кіруюцца расійскімі спецслужбамі. Агрэсіўныя дзеянні, якія ставяць пад пагрозу жыццё і бяспеку ўкраінскіх грамадзян, актывізацыя сепаратысцкіх сіл і ўдзел у супрацьпраўных дзеяннях грамадзян Расіі сведчаць пра намер ажыццявіць другі этап акупацыі Украіны», — заяўляюць ва ўкраінскім знешнепалітычным ведамстве.

Як адзначаюць у МЗС, дыверсійная праца суправаджаецца маштабнай прапагандысцкай кампаніяй, якая цынічна скажае факты, прымяняе шантаж і пагрозы, распаўсюджвае адкрытую хлусню і мае на мэце апраўдаць ўмяшанне ва ўнутраныя справы Украіны.

У прыватнасці, інфармацыяй такога характару было паведамленне аб з'яўленні «амерыканскіх спецназаўцаў» для пераадолення дзеянняў мяцежнікаў.

Адзначаецца таксама, што нагнятанне сітуацыі павінна было прывесці да кровапраліцця і сілавога супрацьстаяння, і гэтую нагоду планавалася выкарыстаць для наступнай агрэсіі. У той жа час сёння сітуацыя стабілізаваная, канстатуюць у МЗС Украіны, адзначаючы, што ўкраінскія грамадзяне не паддаліся на правакацыі.

«Наш народ не прымае і не прыме ідэі сепаратызму і фашызму, якія актыўна распаўсюджваюць правакатары з расійскіх спецслужбаў. Ідэя т.зв. «федэралізацыі»Украіны, якая навязваецца Масквой, належыць да гэтага ж ліку спецыяльных распрацовак. Ідзе гаворка не пра федэралізацыю, а пра «паралізацыю» нашай дзяржавы, яе эканомікі і магчымасцяў нашых грамадзян», — падкрэсліваецца ў заяве.

Пры гэтым адзначаецца, што фундаментальнай пазіцыяй ўрада Украіны з'яўляецца абарона ўсіх дэмакратычных правоў і свабод чалавека, развіцця гэтага дыялогу нацыянальнага разумення ў краіне і прадастаўлення ўсім суайчыннікам вычарпальных і рэальных магчымасцяў мясцовага самакіравання, якія дазволяць кожнаму жыхару Украіны быць гаспадаром роднай дзяржавы.

«Ва Украіне трэба змяніць не фармальнае устройства, а рэальную сутнасць размеркавання ўлады. Такая перспектыва выклікае занепакоенасць ўсіх імперскіх таталітарных сілаў, якія асцерагаюцца з'яўлення ў Украіне паспяховай альтэрнатывы кіраванай псеўдадэмакратыі», — адзначаюць у МЗС, падкрэсліваючы, што расійскі шавінізм не цікавяць правы ніводнага чалавека, уключна з рэальнымі патрэбамі самога расійскага народа, чыё складанае эканамічнае, сацыяльнае і дэмаграфічнае становішча выклікае справядлівую міжнародную занепакоенасць і трывогу.

«Складаныя ўнутраныя праблемы Расіі павінны працверазіць агрэсара», — заўважаецца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?