З 1 сакавіка ў Беларусі дзейнічае ўказ №64 «Аб утілізацыйным зборы ў дачыненні да асобных відаў колавых транспартных сродкаў». Каментуючы новы нарматыўны акт, гульцы аўтабізнесу неаднаразова заяўлялі: шэраг яго палажэнняў стварае няроўную канкурэнцыю з расійскімі шоў-румамі. Ці спраўдзіўся такі прагноз? Цалкам. Дырэктар імпарцёра VW «Атлант-М Фарцойгхандэль», старшыня праўлення аўтамабільнай асацыяцыі БАА Сяргей Міхневіч даў негатыўную характарыстыку цяперашняму стану спраў. «1 сакавіка продажы спыніліся і былі замарожаныя на паўтара-два тыдні практычна ва ўсіх дылераў, — растлумачыў ён. — У сакавіку агульнае падзенне продажаў па дылерскіх прадпрыемствах склала каля 30%: у першую палову месяца іх проста не было. Кліенты альбо не рабілі здзелак, альбо з'язджалі ў Расею».

Знізіліся продажы машын, увезеных з Расіі «У параўнанні з лютым, продаж нашых аўтамабіляў знізіўся амаль у 2,5 раза, — пацвердзіў дырэктар па маркетынгу афіцыйнага імпарцёра Peugeot ў Беларусі «ПС аўта груп» Валянцін Трыгорлаў, — гэта 64 аўтамабілі ў лютым супраць 28 аўтамабіляў у сакавіку». Сакавіцкае падзенне продажаў на СТАА «ДрайвМотарс», якое пастаўляе ў Беларусь аўтамабілі Nissan, значнае. «У лютым мы прадалі крыху больш, чым звычайна, — 107 машын, у сакавіку крыху менш — 63, — растлумачыў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Чупрыгін. — Той, хто планаваў купіць аўтамабіль, зрабіў гэта ў канцы зімы, у першыя тыдні сакавіка была цішыня. Становішча паправілі толькі дзякуючы маркетынгавай актыўнасці. Людзям трэба было звыкнуцца: у сярэднім Nissan расійскай зборкі падаражэў прыкладна на 900 даляраў». «Кітайцы» не пацярпелі Адначасова з увядзеннем утілізацыйнага збору адбылося зніжэнне мытаў, што кампенсавала рост цаны для купцоў машын нерасійскай зборкі. Цана танных не змянілася, але дарагія машыны выйгралі 1-2 тысячы даляраў. Продажы ў аўтасалоне «Кітайскія аўтамабілі» (Chery і Great Wall) у сакавіку супастаўныя з лютаўскімі. Праўда, яны невялікія і па-ранейшаму складаюць каля 1% ад рынку ўсіх новых аўтамабіляў. На ранейшым узроўні цэннік у аўтасалоне ўкраінскіх ZAZ.

У прэміум-брэнда продажы ідуць уверх Вынікі продажаў імпарцёра Mercedes-Benz ў Беларусь — ТАА «Аўтамабільны Дом Энергія ГмбХ» і зусім пазітыўныя. «У сакавіку продажы традыцыйна павялічыліся, — паведаміў начальнік аддзела продажаў Міхаіл Нехвядовіч. — Зніжэнне мытаў кампенсавала ўтылізацыйны збор, цэны сталі прывабнейшымі». Рускія здаюцца Супрацьлеглая карціна ў шоў-румах спрадвечна расійскіх брэндаў. Старшыня рады дырэктараў ГК «Інтэлект» — структуры, у якую ўваходзіць дылер UAZ «Уседарожнік», Сяргей Варывода паведаміў пра «рэзкае падзенне» продажаў машын гэтага расійскага брэнда. «Рынак не быў гатовы да такога росту цэн, — кажа Варывода. — UAZ — гэта бюджэтны аўтамабіль, па некаторых мадэлях падаражэнне склала 25%, зачапіла знакамітыя «баханкі». Гэта вельмі істотны скачок». «Адбыўся адток фізічных асобаў у бок аўтасалонаў Смаленска і Масквы. Мы страцілі беларускага пакупніка UAZ Patriot», — ацэньвае Варывода. Яшчэ адна прычына куплі новай машыны ў Расіі — дэвальвацыя расійскага рубля і распродаж машын 2013 выпуску. Праўда, гарантыйнага рамонту на беларускай СТА ўладальнікі UAZ, набытых у Расіі, не дачакаюць: у гэтага брэнда няма адзінай сістэмы гарантыйнага абслугоўвання, як у шэрагу заходніх брэндаў.

Шэрыя дылеры Сітуацыяй скарысталіся «шэрыя дылеры». «Гэта адмысловая форма працы, законная толькі з першага погляду, — абураны Міхневіч. — Яны пазіцыянуюць сябе як прадаўцы паслугі па пошуку аўтамабіля і плацяць падаткі з сімвалічнай камісіі. Рэальна ж яны ўяўляюць сабой кампаніі-нерэзідэнты, якія ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць з зусім іншай падаткаабкладальнай базай і фінансавымі наступствамі». «Гэта не чыстае пасярэдніцтва па пошуку машыны, а комплекс паслуг ад падбору аўтамабіля да яго перагону і разліку, — тлумачыць Варывода. — Шэры дылер фактычна выконвае функцыі прадстаўніцтва замежнай юрыдычнай асобы — расійскага аўтасалона на тэрыторыі нашай краіны, выплачваючы мізэрныя падаткі». Гэтым і тлумачыцца ніжэйшая цана на аўтамабілі ў іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?