Не ведаю, як на іншых ад Мінска напрамках, а ўздоўж брэсцкага некалькі тыдняў таму адбывалася незвычайная мітусня.

Па сакавіцкім лесе, яшчэ па­зімоваму засяроджаным, але ўжо трохі здзіўленым ранняй, не па часе, адсутнасцю снега, соўгаліся паміж дрэвамі людзі ў зялёна­памаранчавай вопратцы з нейкімі прыладамі ў руках. Іх было шмат, вельмі шмат, абапал так званай «алімпійкі», нібыта рыхтавалася, або ўжо ішла, маштабная вайсковая аперацыя. Карціну дапаўнялі вогнішчы, шызы дым… Да таго ж, адны мужыкі. Што праўда, не жаночая справа — збіраць смецце па забруджаным лесе, зносіць да кучы і паліць сухое галлё…

«Да хакея рыхтуюцца, уся Еўропа паедзе», — вымавіў спадарожнік, сусед па лецішчы. «Мо і да хакея», — пагадзіўся я. І ўсе, хто быў у аўто, пачалі ўхваляць хакей, бо за сямнаццаць гадоў, што ездзім па брэсцкім напрамку на лецішча, гэткі ліхаманкавы аўрал назіраем упершыню. «Гэта ж трэба — такую колькасць мабілізаваць! — з захапленнем выгукнуў сусед. — Вось гэта парадак!»

Праз якіх дваццаць хвілін мы звярнулі з «алімпійкі» на Дзяржынск, а яшчэ праз колькі — закандыбалі па «сваім» лесе…

Трэба сказаць, што ў нашым лесе, на ўскрайку Налібоцкай пушчы, хаваецца ці не з дзясятак дачных таварыстваў. Ёсць і створаныя нядаўна, але ў асноўным, як наша, існуюць з мінулага стагоддзя, ад 60­х гадоў. І лес, што падступае да самай агароджы, сапраўды наш, бо тады ж, у 60­х, быў насаджаны, так бы мовіць, першапраходцамі і з цягам часу вырас, стаўся неад’емнай часткай знакамітай на ўсю беларускую гісторыю і прастору пушчы.

Які ён быў чысцюткі, наш лес, сямнаццаць гадоў таму, калі мне пашчасціла прыдбаць тут недабудаваную хату! Далёка ад горада, але іншага і не хацелася, бо ўжо тады сталічнае наваколле дыхала брудным паветрам і выпарэннямі смецця.

Сёння Мінск ззяе напамаджанай чысцінёй, прыбрана і рознакаляровае наваколле. А брудным паветрам і выпарэннямі смецця дыхаюць лясы, нябачныя з магістраляў. У тым ліку наш.

У мяне ёсць мара: хаця б адзін раз паглядзець у вочы таму, хто, нават не сцішыўшы хаду, выкідае з шыкоўнага аўто (нешыкоўныя назіраюцца тут зрэдку) поліэтыленавыя пакеты з недажаванай, ад «Лукулавых баляванняў», ежай, бутэлькі, біты посуд ці, прыпыніўшыся, хуценька цягне ў лясное кустоўе старыя газавыя пліты ды іншыя непатрэбныя рэчы… Нават у глыбокім гушчары, дзе толькі лясныя сцяжынкі, можна натрапіць на цяжкую падрапаную лядоўню ці саржавелы каркас былога «Запарожца». Мо скінуты з парашутам?

Калісьці злачынныя адносіны да роднай прыроды тлумачыліся «калгаснай», так бы мовіць, свядомасцю, народжанай савецкім ладам жыцця. Часткова так і было: да якога каму месца стан таго, што табе не належыць? Але людзі, што самі карчавалі сваё балота і садзілі свой лес, дыхалі ажыўшай спрадвечнай свядомасцю гаспадароў. Сёння гэткіх людзей засталіся адзінкі. Як і хатак з парослымі мохам дахамі… На месцы іншых узвысіліся катэ­джы, з­за суцэльных агароджаў даносіцца вантробны рык байцовых сабак, цяжкі рок сярод ночы ды падхопленая рэхам гучная страляніна з петардаў…

Не, «калгаснай» свядомасцю сённяшнія смеццевыя злачынствы не патлумачыш. Замест «НЕ МАЁ» парадаксальным, на першы погляд, чынам з’явілася «МАЁ». То бок усё, што вы лічыце створаным вамі і для вас, насамрэч маё. Усё схоплена — ваш лес, ваша паветра, ваша крынічная копанка… Я тут гаспадар! Гаспадар не толькі таго, што хаваю за высокім мураваным ці жалезным плотам, але і ўсяго, што існуе вакол.

Гаспадар жыцця.

Скуль яны ўзяліся, гэтыя «гаспадары», што змянілі дзедавы і бацькоўскія «Запарожцы» на шыкоўныя замежныя драндулеты? Што я пабачыў бы ў іх вачах, калі б здзейснілася вышэйзгаданая мара?

Наўрад ці сорам. Спрэс пагарду і страх.

Пагарду да «негаспадароў» і страх перад «гаспадаром» вышэйшым, аж да найвышэйшага над усімі.

Гэта можа падацца дзіўным, але менавіта страхам народжаныя тыя «гаспадары».

Загадае вышэйшы «гаспадар» дажэрці выкінутую ежу — дажруць.

Загадае прыбраць горы смецця — прыбяруць.

Загадае быць патрыётамі — будуць.

Загадае прадаць Айчыну — прададуць.

Бо страх заўсёды пакідае месца для бруднага ўчынку цішком.

Цішком забрудзіць.

Цішком застрэліць.

Цішком захапіць.

…Хакей, між іншым, з усёй ягонай Еўропай і астатнім светам да «вайсковай аперацыі» па ачыстцы лесу ўздоўж «алімпійкі», як аказалася, зусім не датычны. Праз колькі дзён былое Койданава, што ўжо дзесяцігоддзі забруджана прозвішчам бальшавіцкага ката, наведаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Гаспадарская справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?