Любая надзея на вярбоўку Пекіна ў якасці саюзніка, які дапаможа прытупіць боль санкцый Захаду, асуджаная на правал — а разам з ёй і шанцы Крамля на бязбольную перамогу і на перамогу наогул.

Пуцін у сваёй пераможнай прамове па Крыме паспяшаўся падзякаваць кітайскаму палітбюро за нібыта аказаную падтрымку. Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў з уласцівай яму эластычнасцю паведаміў пра «супадзенне ацэнак Расіі і Кітая па сітуацыі ва Украіне».

Гэта, вядома ж, адчайная хлусня. Кітай не стаяў за Расіяй падчас галасавання па Крыме ў Радзе Бяспекі, як гэта было ў выпадку з Сірыяй. Ён дэманстратыўна ўстрымаўся.

Яго міністэрства замежных справаў заявіла, што «Кітай заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы любой дзяржавы і паважае незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».

Мы не ведаем дакладна, што сказаў Сі Цзіньпін падчас сустрэчы з прэзідэнтам Абамам у Гаазе, але тое, што ён сказаў, не мае нічога агульнага з вар'яцкімі ацэнкамі Крамля. Намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Бэн Родс захоплены ходам гэтых перамоваў і пасля іх сцвярджаў, што Расія больш не можа спадзявацца на «традыцыйнага саюзніка».

Калі гэта так, то Пуціна абдурылі.

Яму не ўдасца пазбегнуць фінансавага задушвання амерыканскімі фінансавымі мускуламі — і ў выпадку, калі ён пашле салдат ва Усходнюю Украіну, і ў выпадку, калі ён проста абмяжуецца раздзіманнем там хаосу з дапамогай расійскіх агентаў-правакатараў.

Няма ў яго надзей і на тое, што ўдасца змяшаць усе карты Захаду, стварыўшы з Кітаем Еўразійскі блок — лігу аўтарытарных рэжымаў, што кантралюе гіганцкія запасы прыродных рэсурсаў. Такі вынік — абсэсія «шпенглерытаў», саманенавіснікаў Захаду, упэўненых у тым, што з Амерыкай скончана і што даляр будзе заменены на еўразійскі залаты дукат.

Рэальнасць у тым, што Кітай пастаянна і нястомна разбурае манаполію Расіі на кантроль над газавымі запасамі Сярэдняй Азіі.

Туркменскі газ заўсёды ішоў на поўнач і быў закладнікам цэнавай палітыкі Газпрама. Цяпер ён ідзе на ўсход. Прэзідэнт Сі асабіста з'явіўся ў верасні 2013 на адкрыццё 1800-кіламетровага газаправода ў Кітай з радовішча Галкініш, другога па аб'ёмах ў свеце (26 трлн кубаметраў).

Па газаправодзе будзе пастаўляцца да 62 мільярдаў кубаметраў газу ў год. Гэта палова таго, што Газпрам пастаўляе Еўропе. Тое самае адбываецца ў Казахстане, дзе кітайскія кампаніі ўсталявалі кантроль над большай часткай энергетычнай індустрыі. Тое, што адбываецца, з'едліва апісана ў серыі дыпламатычных тэлеграм з Сярэдняй Азіі, апублікаваных Wikileaks. Брытанскі дыпламат у 2010 паведамляў, што рускія «з болем» назіраюць за тым, як іх энергетычнае дамінаванне ў Сярэдняй Азіі выпараецца.

Яшчэ больш адкрывае вочы на тое, што адбываецца, тэлеграма, у якой цытуецца пасол КНР у Казахстане Джэнь Гуапін. Ён папярэджвае, што Кітай і Расія ідуць курсам, які вядзе да сутыкнення, і бокам, які саступіць, будзе не Кітай. Пасол заявіў: «У будучыні адносіны паміж вялікімі дзяржавамі ў Сярэдняй Азіі будуць далікатнымі і складанымі. Новыя нафта- і газаправоды руйнуюць расійскую манаполію на энергетычны экспарт».

Спадар Джэнь не толькі пазітыўна ацаніў амерыканскую ролю ў рэгіёне, але і выказаў меркаванне аб тым, што НАТА мусіць узяць удзел у якасці назіральніка на перамовах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — меркаваным расійска-кітайскім адказе на вось ЕС/НАТА — з мэтай «разбурыць расійскую манаполію ў рэгіёне».

Вось СССР/Кітай была адным з улюбёных пудзілаў у 60-я. Генры Кісінджэр, аднак, бачыў, што дзве варожыя культуры на нажах на ўсім працягу іх мяжы.

Як трапна выказаўся ў 2006 Акіхера Івасіта, «чатыры тысячы кіламетраў праблем».

Джордж Валдэн выставіў напаказ глыбокія карані гэтага ўзаемнага недаверу ў сваёй маленькай кнізе «China: A Wolf in the World?» Ён працаваў дыпламатам і ў Расіі, і ў Кітаі. Ён быў адным з вельмі нешматлікіх прадстаўнікоў Захаду, якія жылі ў Кітаі ў перыяд культурнай рэвалюцыі. Ён ушчыльную назіраў, як глыбока дзве галіны братоў-марксістаў ненавідзелі адно аднаго. І сапраўды, яны дайшлі да мяжы ядзернай вайны. І ЦРУ, і Дзярждэпартамэнт былі ашаломленыя яго справаздачай. У іх не было крыніц на месцах у эпоху Маа.

Валдэн кажа, што кітайцы ніколі не даруюць расійцам захопу Усходняй Сібіры — яшчэ за царом.

Для іх гэта «страчаныя тэрыторыі». Яны хочуць вяртання уласнасці, і ў гэтым іх падтрымлівае этнічнае перасяленне за Амур, што вельмі нагадвае мексіканскую міграцыйную Рэканкісту Каліфорніі і Тэхаса.

Насельніцтва Усходняй Сібіры за 20 гадоў скарацілася з 8 млн да 6,3 млн чалавек, і за гэтымі лічбамі стаяць гарады-прывіды ўздоўж Транссібірскай магістралі.

Расія не змагла скарыстацца плёнам свайго ўсходняга мерапрыемства. З узроўнем нараджальнасці 1,4, хранічным алкагалізмам і чаканым скарачэннем насельніцтва на 30 мільёнаў — паводле прагнозаў, да 2050 у Расіі будзе жыць не больш за 110 мільёнаў чалавек (па статыстыцы ААН, а не дэмографаў Пуціна), нацыя непазбежна адкоціцца да еўрапейскага бастыёну Старой Масквы. Пытанне ў тым, наколькі хутка і наколькі мірна.

Эксперт па Кітаі Джонатан Фенбі кажа, што ў кітайскай Радзе нацыянальнай бяспекі ёсць фракцыя, гатовая падтрымаць Пуціна па Украіне, спадзеючыся наўзамен выціснуць з яго больш выгадныя ўмовы паставак газу, прадуктаў харчавання і карысных выкапняў. Але гэтыя галасы былі заглушаныя Сі Цзіньпінам. Ён гуляе стратэгічна.

Кітай хутчэй за ўсё пойдзе па туга нацягнутым канаце, «хаваючы сваю магутнасць і купляючы час». Гэта стала цяжэй з эскалацыяй украінскага крызісу. Пекіну давядзецца выбіраць. Больш чым верагодна, што імперскі Цзіньпінь не выкіне вялікі прыз амерыканска-кітайскай «Вялікі Двойкі» дзеля выратавання ўбогага і некампетэнтнага рэжыму ў Маскве ад яго ўласнай неразважлівасці.

Пуцін павінен цяпер усвядоміць, наколькі фатальная яго ізаляцыя і наколькі небяспечны кожны наступны крок.

Нават усёдаравальная канцлер Германіі Ангела Меркель страціла цярпенне і горка скардзіцца на «непазбежную страту даверу». Дастаткова еўрапейскіх трубаправодаў, пачынаючы з 2009 года, было пераабсталявана для падачы паліва ў двух напрамках з мэтай, у выпадку неабходнасці, дапамагчы ўразлівым прымежным дзяржавам. Восем дзяржаваў ЕС маюць тэрміналы LNG. Яшчэ дзве — Польшча і Літва — далучацца да клуба сёлета.

Саміт ЕС на мінулым тыдні быў заклікам да зброі. Чыноўнікам загадана цягам 90 дзён распрацаваць план разрыву залежнасці ад «Газпрама». Нават калі «пранясе» гэтым разам, Еўропа зробіць радыкальныя крокі з мэтай пошуку іншых крыніц энергіі. Імпарт з Расіі скароціцца напалову цягам 10 гадоў.

Уцёкі капіталу з Расіі ў першым квартале дасягнулі 70 мільярдаў даляраў. Расійскі Цэнтрабанк не можа абараніць рубель без узмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі, у працэсе пагаршаючы рэцэсію. Расійскім банкам і прадпрыемствам трэба будзе ў найбліжэйшыя 12 месяцаў закрыць крэдыты на 155 мільярдаў даляраў — на варожым рынку, даплаты на якім ужо цяпер павысіліся на 200 базісных пунктаў.

Пуцін пачынае ўсведамляць, што глабальныя рынкі больш напалоханыя амерыканскай камісіяй па каштоўных паперах, чым расійскімі танкамі Т-90.

Любая санкцыя супраць любога расійскага алігарха, звязанага з расійскай кампаніяй, выбівае гэтую кампанію з глабальнага рынку і патэнцыйна вядзе да дэфолту. Крэдыторы на Захадзе пагараць. Але ніхто не прыме гэта ў разлік, калі гаворка ідзе пра інтарэсы нацыянальнай бяспекі.

Пуцін таксама выбраў не самы ўдалы момант для сваёй авантуры. У Еўропы цяпер незвычайна вялікія запасы газу.

Цэны на нафту — пры іншых роўных умовах — павінныя ўпасці. Ірак дасягнуў максімальнага ўзроўню вытворчасці за апошнія 35 гадоў, Амерыка штодня дадае на рынак па некалькі соцень барэляў сланцавай нафты, а Лівія аднаўляе экспарт. Паводле статыстыкі International Energy Agency, сусветная здабыча ў мінулым месяцы падскочыла на 600 тысяч барэляў у дзень. Deutsche Bank прадказвае перанасычэнне рынку. Тое ж самае прадказвае кітайскі Sinopec. Пуціну пад яго бюджэт патрэбная цана 110 даляраў за барэль. Вельмі хутка ён можа сутыкнуцца з рэальнасцю ў 80 даляраў за барэль.

Урэшце, ён асудзіў Расію на пастку сярэдняга даходу. Нечаканыя багацці нафтавага буму растрачаныя.

Расійскія інжынерныя навыкі атрафіраваліся. Прамысловасць спустошаная галандскай хваробай (дэіндустрыялізацыя краіны, якая перайшла на экспарт аднаго віду сыравіны): праклёнам пераацэнкі валюты і залежнасцю ад продажу сыравіны.

Ён пабег паперадзе паравоза да таго, як пераходны ўрад паспеў нарабіць чагосьці сур'ёзнага або растраціць крэдыт добрай волі міжнароднай супольнасці.

Гаворка ідзе пра непадрыхтаваны і паспешлівы выступ — КДБіст спяшаўся.

Ён прыняў Германію за марыянетку і прыняў Кітай за нешта само сабой зразумелае. Ён атрымаў Крым, але ператварыў Крэмль у парыю — яшчэ на адно дзесяцігоддзе, калі не пакаленне, і хутчэй за ўсё назаўжды страціў Украіну. Гаворка ідзе пра ў найвышэйшай ступені няўдалую ўгоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?