Без шаліка на «Уніан» не ходзяць

Без шаліка на «Уніан» не ходзяць

У перапынках пра гульню распавядаюць вось такія вядучыя

У перапынках пра гульню распавядаюць вось такія вядучыя

Паліцыя заўсёды дзесьці побач, але не ўмешваецца

Паліцыя заўсёды дзесьці побач, але не ўмешваецца

Пры ўваходзе ў берлінскае метро няма турнікетаў і цётачак, што правяраюць твае жэтончыкі-­талончыкі. Вольна ідзеш на пляцоўку, сядаеш у патрэбны цягнік. Усе разлічана на тваё сумленне. Калі ж падмануў, то будзь ласкавы заплаціць вялізны штраф.

Тое самае ў Германіі і з футбольнымі ультрас. Адносіны з імі дзяржава будуе на тым самым правіле ўзаемадаверу.

Так, і ў Германіі, як і ў Беларусі, у асобе фаната многія найперш бачаць правапарушальніка, чалавека, які шмат п’е піва, хоча пабіцца і запусціць на стадыёне «польскую» піратэхніку. Не без гэтага. Аднак прэвентыўна ніхто не будзе затрымліваць ультрас перад гульнёй, трымаць паўдня ў пастарунку і весці на стадыён у спецназаўскім акружэнні. Хоць міліцыя — вось яна, побач.

Але так было не заўсёды…

Фан-­праекты

Праблемай гвалту ў фанацкім асяроддзі немцы затурбаваліся яшчэ ў 1980-­х, у дзень матчаў простым грамадзянам стала небяспечна нават выходзіць на вуліцы гарадоў, бо існавала вялікая рызыка трапіць пад раздачу. Апошняй кропляй была гульня ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў паміж дрэздэнскім «Дынама» і югаслаўскай «Црвенай Звездай» у 1991­-м. Пасля таго, як балканцы забілі другі мяч, на трыбунах пачалося сапраўднае бясчынства. Завязаліся бойкі, якія прадоўжыліся ў горадзе, на газон паляцелі забароненыя прадметы. Суддзям давялося спыніць гульню. А дрэздэнскае «Дынама» атрымала двухгадовую міжнародную дыскваліфікацыю.

Тады група студэнтаў сацыялогіі з Брэмена прапанавала дзяржаве стварыць інстытут для супрацоўніцтва з ультрас. Так узніклі «фан-­праекты», сёння па ўсёй Германіі іх ужо налічваецца 56 адзінак.

Хоць назва «фан­-праект» даволі пафасная, найчасцей там працуе адзін­-два чалавекі.

Аксэль Паніка адказвае за фанатаў берлінскага «Уніяна». Гэта цікавы клуб з усходняй часткі нямецкай сталіцы, ён ніколі не гуляў у першай Бундэслізе, але мае армію адданых фанатаў, якія па першым закліку каманды гатовыя ахвяраваць і грашыма, і вольным часам (напрыклад, на суботнік па добраўпарадкаванні стадыёна). Фанаты ўжо ратавалі клуб ад банкруцтва. Сярод фанаў каманды — журналіст Інга Петц, вялікі сябра Беларусі, аўтар кніг пра нашу краіну.

Не вертухай, а роўны

«Убачыць у фанаце чалавека», — так тлумачыць прынцып сваёй працы сп. Аксэль. Сам сябе ён называе «сацыяльным педагогам». «Калі ультрас убачаць, што стары чалавек, кшталту мяне, спрабуе ім навязаць свае погляды, грузіць іх, то яны ніколі не пойдуць на супрацоўніцтва, з кожным трэба размаўляць як роўны з роўным».

Калі казаць простымі словамі, то кіраўнікі «фан-­праектаў» мусяць шчыльна працаваць з ультрас пэўнага клуба, жыць іх жыццём, ведаць праблемы, падказаць, калі ў гэтым ёсць патрэба. Працаваць знутры, але не кантраляваць.

«Мы нікога не прымушаем працаваць з намі, усё добраахвотна». Да такога «куратара» любы з фан­сектара можа падысці і з сямейнай праблемай, і «трабламі» ў вучобе.

Вядома, ёсць тыя, што адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. Але большасць ультрас пазітыўна ставяцца да такога чалавека ў сваім асяроддзі. За дзень да гульні Паніка сядзеў у бары «Уніяна», прыязна вітаўся з лідарамі ультрас, якія рыхтавалі план да заўтрашняй сустрэчы з «Котбусам». Ён не ўспрымаецца як «вертухай», а як чалавек, што можа дапамагчы ў нейкай жыццёвай сітуацыі. Да каго яшчэ звярнуцца, калі фанату, напрыклад, забаранілі ўваход на стадыён? А такі, як Аксэль Паніка, дапаможа.

Прыклад падтрымкі

Котбус — нямецкі горад на мяжы з Польшчай. Насельніцтва — дарэчы, частку з із складаюць славяне-­лужычане — крыху менш за 100 тысяч чалавек. Дзесьці як у нашым Маладзечне. І да сталіцы дабірацца прыкладна столькі ж. Да Берліна з Котбуса 80 хвілін рэгіянальнымі цягнікамі. У дзень гульні вагоны запаланяюць фанаты, усе ў чырвона-­белай атрыбутыцы. Піць піва ў вагонах ніхто не забараняе, чым ультрас паспяхова карыстаюцца. Двое паліцэйскіх час ад часу праходзяць па вагоне, але заўваг не робяць. Ніхто ж не парушае закон.

З Котбуса ў Берлін у будзень на матч сваёй каманды выпраўляецца 2 тысячы чалавек! Гэта, між іншым, сярэдняя наведвальнасць матча беларускай вышэйшай лігі, з гаспадарамі і гасцямі разам узятымі. Пры тым, што котбуская каманда «Энэргі» займае ўпэўненае апошняе месца ў другой Бундэслізе і шанцаў на выратаванне амаль не мае. Нам такой падтрымцы — вучыцца, вучыцца, вучыцца.

Заўзеюць стоячы

Цікавая асаблівасць хатняй арэны «Уніяна» «Альтэ Форстэрэй»: толькі адна з чатырох трыбун мае ўтульныя крэслы. Астатнія тры — бетонныя глыбы, стаячыя месцы. «Я жыў у паўночнай Англіі, хадзіў на матчы «Сандэрленда», — расказвае Марк Уілсан, які стварае англамоўны сайт «Уніяна». — Але ў Англіі забаранілі стаяць падчас гульні. Тут жа атмасфера неверагодная».

Паліцэйскія, як патлумачылі нам ва ўчастку №63 Берліна, дзеляць матчы на тры ўзроўні бяспекі. Гульню паміж «Уніянам» і «Энэргі» аднеслі да другога. Гэта значыць, на ім маглі здарыцца канфлікты. На матчы працавала 250 паліцыянтаў. Немалая лічба, але на трыбунах іх відаць не было зусім. Знаходзіліся дзесьці побач і ў выпадку чаго былі гатовыя імгненна зрэагаваць на сітуацыю. Хаця, калі пасля прапушчаных галоў котбусцы палезлі на загараджальную сетку, ніхто з іх не спяшаўся пачаставаць ультрас «дубінкамі».

На футбол, так ужо атрымалася, ішоў з заплечнікам. Прадчуваў прэтэнзіі ў свой бок, доўгі надгляд. Аднак апынуўся на трыбуне праз пару хвілін, зусім без прамацванняў розных частак цела. Што таксама дадавала пазітыву.

У выніку — быў аншлаг. На гульню, у якой не ставілася сур’ёзных турнірных задач («Уніян» ідзе на восьмым месцы ў табліцы) прыйшла 21 тысяча гледачоў.

І не сказаць, што каманды дэманстравалі фантастычна прыгожы футбол. На маю думку, наўрад ці «Уніян» змог бы трапіць у першую шасцёрку беларускага чэмпіянату.

Але любоў да сваёй каманды тут прышчэпліваюць яшчэ ў раннім дзяцінстве. У фан­шопе клубаў можна знайсці прадукцыю з эмблемай клуба нават для немаўлят. Здзівіла вялікая колькасць інвалідаў, якіх зусім не пабачыш на нашых стадыёнах. Гульню транслявалі ў жывым эфіры па ТБ, а ў перапынку прыгажуні­журналісткі бралі экспрэс­каментары ва ўдзельнікаў сустрэчы.

«Уніян» перамог — 2:0. Спецназ не трымаў котбусцаў на трыбунах пасля матча. Дамоў усе вярталіся разам. І інцыдэнтаў не было. Узаемадавер — моцная штука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?