На нарадзе па пытаннях развіцця піваварнай галіны 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка адказаў адмоўна на просьбу прэм`ер-міністра Міхаіла Мясніковіча выдзеліць крэдыт ААТ «Крыніца» ў сувязі з цяжкім эканамічным становішчам прадпрыемства.

«Якая ў «Крыніцы» загружанасць па магутнасцях? 55%. Дык якія яму грошы даваць? У яго 45% свабодных магутнасцяў! Няхай вырабляе піва і прадае! — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

— Такія грошы ўвалілі ў вытворчасць, палова загружана, і дайце яму грошы на тое, каб крэдыты пагасіць! Ён тады 30% магутнасцяў зойме, а не 55%, і мы яго будзем на плячах везці!»

«Якая заработная плата ў дырэктара з прэміямі, надбаўкамі і іншым? 17 млн.? Значыць, павінна быць 1,7 млн.! — сказаў Лукашэнка. — У нас віцэ-прэм`ер атрымлівае такую зарплату!

А прэм'ер прыйшоў у прэзідэнта грошы прасіць, не палічыў, колькі ў іх там гультаі атрымліваюць! Навошта яму працаваць? Ён 17 млн. атрымлівае зарплату, якая праца? Дык гэта зарплата! А піва п`е бясплатна, есць бясплатна, на аўтамабілі бясплатна ездзіць. Што, не так? Дабаўце яшчэ 20 млн. — вось яго даход! А дзе аддача?»

«Ніякіх ільготаў у гэтай сферы не будзе, ніякіх адтэрміновак, ніякіх працэнтаў! — заявіў беларускі кіраўнік. — У іх куча праблем, якія трэба вырашаць і якія павінны быць вырашаны, і праблемы арганізацыйныя — суб`ектыўнага характару. А зараз, калі поўнае гультайства і бардак, вы што, ім яшчэ хочаце льготы і грошы даць?!»

Памочнік прэзідэнта Кірыл Руды мяркуе, што галоўнай прычынай спаду ў піўной галіне з`яўляецца адсутнасць росту попыту на піва. Паводле яго слоў, у структуры спажывання алкаголю піва займае каля 10-20%, пры гэтым традыцыйныя стандарты — 50%.

У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў спажывання піва на душу насельніцтва — 50 л у год. «Сем гадоў таму плакалі, што ў нас шмат п`юць моцнага алкаголю. І мы прынялі тады рашэнне: трэба ад гэтага адыходзіць. Так, у нас традыцыя такая, мы славяне. Але давайце хаця б замесцім 40-градусную півам. Прынята рашэнне, прайшло сем гадоў, вы сёння канстатуеце, што там, дзе былі, там і засталіся. Спажыванне моцнага алкаголю бязмернае, піва — той жа працэнт», — зазначыў Лукашэнка. 

На думку Кірыла Рудага, асноўныя прычыны адсутнасці росту попыту на піва — нізкая культура піцця, малая колькасць рэстаранаў, пабаў, піўных бараў і высокі кошт прадукту. Ён звярнуў увагу на тое, што за апошнія два з паловай гады акцызы на піва павысіліся ў 10 разоў.

Памочнік прэзідэнта прапанаваў развіваць дробную вытворчасць піва, адкрываючы міні-піваварні, да прыкладу, у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках, аграсядзібах, гатэльных комплексах, праводзіць святы піва ў межах «Дажынак», іншых фестываляў. На яго думку, варта прадугледзець ільготы пры рознічным продажы піва ў рэстаранах.

Руды лічыць важным працаваць над павышэннем якасці піва, павялічваючы ў ім утрыманне соладу. Гэта ў сваю чаргу дапаможа павялічыць недзе на 20% загрузку ААТ «Белсолад». Кажучы пра айчынную сыравіну, ён зазначыў, што беларускі солад поўнасцю падыходзіць для ўнутранай вытворчасці піва.

Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела прапанаваў устанавіць парогавую мінімальную цану ўваходу на рынак для імпартнага піва. На прадпрыемствах плануецца павялічыць магутнасці, каб ісці па шляху стварэння кантрактнай ліцэнзійнай вытворчасці піва.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон заявіў пра неабходнасць зацвярджэння межавых мінімальных рознічных цэн на піва па аналогіі з гарэлкай, каб не дапусціць дэмпінгу цэн з боку міжнародных карпарацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?