Чыгуначны рух паміж Украінай і Расіяй можа быць цалкам спынены ўжо ў канцы мая. Пра гэта паведамляе газета «КоммерсантЪ».
«Укрзалізныця» з прычыны «разузгаднення» графікаў руху цягнікоў у Крым папрасіла РЧ спыніць з 27 мая продаж квіткоў на ўсе цягнікі, якія едуць па тэрыторыі Украіны.
Аналагічны ліст атрымала і Беларуская чыгунка.
«У сувязі з разузгадненнем руху цягнікоў паміж тэрыторыяй мацерыковай Украіны і Аўтаномнай Рэспублікай Крым на графік 2014—2015 гадоў прашу закрыць продаж праязных дакументаў на ўсе цягнікі, якія курсуюць па тэрыторыі Украіны з 27 мая да адмены», — гаворыцца ў лісце.
Дакумент падпісаны інжынерам галоўнага пасажырскага ўпраўлення «Укрзалізныцы» Яўгенам Дыхне.
Крыніца выдання заявіла, што ў РЧ «з-за неадназначнай фармулёўкі ліста» маюць намер цалкам спыніць продаж квіткоў на цягнікі ва Украіну. У РЧ наяўнасць тэлеграмы пацвердзілі, дадаўшы, што цяпер вядуць перамовы з «Укрзалізныцей». Пры гэтым продаж квіткоў на 24 мая спынены.